Цэнтар “Гістарычная майстэрня” разьмясьціўся ў старой камяніцы па вуліцы Сухой у Менску, дзе ў гады вайны было габрэйскае гета. У ім жылі габрэі зь Беларусі, Нямеччыны ды іншых акупаваных краінаў Эўропы. Будынак цэнтру — фактычна адзіны, што захаваўся ў гэтым раёне Менску з часу вайны.
Гарадзкія ўлады хацелі яго зьнесьці, але пасьля настойлівых просьбаў прадстаўнікоў нямецкіх і габрэйскіх арганізацыяў здалі такі яго ў арэнду “Гістарычнай майстэрні”. А ініцыятыва адкрыцьця ў Менску гэтай дасьледчыцкай установы належыць Міжнароднаму адукацыйнаму цэнтру Дортмунду. Гаворыць адзін з ініцыятараў адкрыцьця цэнтру прафэсар тэалёгіі й сацыяльнай этыкі з Дортмунду Манфрэд Цабэль:
(Цабэль: ) “Гэта адзін з самых важных праектаў, якія мы рэалізавалі ў Беларусі за апошнія 10 гадоў. Я прывез з сабой асабістае вітаньне ад былога статс-міністра доктара Шнора, які падзяляе гэтую думку. Ён сказаў, і я зь ім пагаджаюся, што дзеля таго, каб пабудаваць будучыню Эўропы, нельга забываць цёмныя старонкі гісторыі. Мы хочам з дапамогай гэтай “Гістарычнай майстэрні” распаўсюдзіць традыцыю гістарычных майстэрняў, што існуюць у Нямеччыне, на Беларусь. І гэта ёсьць унёскам у разьвіцьцё ўзаемапаразуменьня між Нямеччынай і Беларусяй”.
Партнэрам немцаў у Беларусі ў справе стварэньня “Гістарычнай майстэрні” стаў Саюз габрэйскіх абшчынаў і арганізацыяў. Гаворыць старшыня гэтага саюзу Леанід Левін:
(Левін: ) “Я думаю, што гэта вельмі добры цэнтар. Мяркую, што вакол гэтага недзяржаўнага цэнтру будуць аб’ядноўвацца ўсе тыя, хто не абыякавы да нашай спадчыны, нашага жыцьця, нашай мінуўшчыны й будучыні”.
У найбліжэйшых плянах гэтага цэнтру дасьледаваньне невядомых раней дакумэнтаў пра менскае гета, Трасьцянец, Курапаты, Масюкоўшчыну ды іншыя месцы злачынстваў нацыстаў і камуністаў супраць мірнага насельніцтва. У цэнтры будуць працаваць як беларускія, так і нямецкія гісторыкі. Кіраўніком установы прызначаны беларускі гісторык Кузьма Казак. Усе выдаткі ў справе абсталяваньня “Гістарычнай майстэрні” ўзяў на сябе нямецкі бок.