Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЮЦЬ ПРА ВАЙНУ БЕЛАРУСКІЯ ІРАКЦЫ?

Любоў Лунёва, Менск

Дакладная лічба колькасьці іракцаў у Беларусі невядомая. Афіцыйнай статыстыкі на гэты конт няма. Ня ведаюць гэтага і самі іракцы. Кажуць толькі, што дваццаць гадоў таму іх было ў некалькі разоў болей, чым цяпер. Сярод іх былі тыя, хто падтрымліваў партыю БААС, а таксама камуністы. Сёньня асноўную колькасьць іракцаў складаюць былыя студэнты беларускіх ВНУ, якія не пажадалі вяртацца на радзіму.

На пачатку 1990-х многія іракцы зьехалі зь Беларусі ў Швэцыю, Данію, Бэльгію ў пошуках лепшага жыцьця. Апошнім часам у Беларусь таксама трапляюць іракцы, але гэта так званыя “нелегалы”, якія ўцякаюць на Захад, каб уратавацца ад вайны. Большасьць зь іх занятыя ў дробным гандлі. Некаторыя маюць свае ўласныя фірмы. Сярод іх ёсьць і навукоўцы і мэдыкі.

Амбасада Іраку раней ніколі не падтрымлівала сувязяў з ірацкімі эмігрантамі. Але літаральна апошнім часам амбасадар Іраку ў Беларусі атрымаў даручэньне свайго міністэрства ладзіць такія стасункі. Некаторых зь іх сталі запрашаць у амбасаду. Іракцы, як правіла, ставяцца нэгатыўна да бамбаваньняў Іраку.

(Спадар: ) “Як ірацкі грамадзянін і цывілізаваны чалавек, я лічу, што гэтую праблему трэба вырашаць выключна мірным шляхам. Сілавая акцыя можа прывесьці да большай напружанасьці і да чалавечых ахвяраў. Усё павінна быць у межах ААН. Калі б ААН дала санкцыю на бамбаваньне Іраку, то калі ласка. А ў дадзеным выпадку я лічу, што ЗША паступілі няправільна…

Мірныя жыхары не павінныя адказваць за Хусэйна і гінуць дзясяткамі. Я ня сплю чацьвертыя суткі. Увесь час сачу за інфармацыяй, за тым, што адбываецца ў нашым раёне, там, дзе жывуць мае родныя... Я мяркую, што ўсе ірацкія грамадзяне, якія жывуць за межамі краіны, з болем сочаць за тым, што адбываецца ў Іраку. Нам вельмі хочацца, каб гэтая вайна хутчэй спынілася. Трэба вырашаць усе пытаньні вакол Іраку шляхам перамоваў”.

Усе іракцы супраць вайны, але ёсьць сярод іх тыя, хто апраўдвае існаваньне Садама Хусэйна на пасадзе прэзыдэнта.

(Спадар: ) “Калі Садам Хусэйн не задавальняе народ Іраку, то народ Іраку сам павінен усё вырашыць. Гэта ўнутраныя справы краіны. Ніхто ня мае права ўмешвацца — ні Расея, ні ЗША, ні Брытанія. Калі ўзьняць пытаньне, што Садама Хусэйна трэба судзіць міжнародным ваенным трыбуналам, то адначасова трэба туды адправіць і Шарона, і, яшчэ адну асобу — але не скажу каго.

Калі праводзіць раззбраеньне Іраку, то трэба праводзіць і раззбраеньне Ізраілю, які таксама займаецца распрацоўкай рознай зброі, ня горш за Ірак. Амэрыканцы яму яшчэ й дапамагаюць. Мы жывем у ХХІ стагодзьдзі, і ўсе пытаньні мы павінны вырашаць мірна, а ня так, што моцны зьнішчае слабога. Павінны вырашаць усе разам”.

Арабы маюць намер падаць заяву ў Менгарвыканкам на правядзеньне пікету супраць вайны ў Іраку на наступны тыдзень.
XS
SM
MD
LG