Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЯВЫ ЛУКАШЭНКІ Ў ПАДТРЫМКУ САДАМА ХУСЭЙНА Ў ПОЛЬШЧЫ ВЫКЛІКАЮЦЬ ЗЬДЗІЎЛЕНЬНЕ

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Цяперашнія польска-беларускія дачыненьні і так цяжка назваць актыўнымі ці насычанымі – Менск і Варшава ў большасьці выпадкаў маюць розныя падыходы да ключавых пытаньняў ня толькі міжнароднай палітыкі, але і ўнутранага дзяржаўнага ладу ў сваіх краінах, што, гаворачы агульна, і сталася прычынай халодных двухбаковых адносінаў паміж суседнімі краінамі.

Але гэтым разам, на думку Ягенкі Вільчак, палітычнага аглядальніка аўтарытэтнага польскага часопісу “Polityka”, пагаршэньня ў двухбаковых дачыненьнях хутчэй ня будзе.

(Вільчак: ) “На маю думку, гэты канфлікт адбываецца вельмі далёка, таму ніяк не паўплывае на дачыненьні паміж Польшчай і Беларусьсю. Хіба што Аляксандар Лукашэнка будзе вельмі хацець, каб так сталася, і засяроджваць на гэтым увагу. Калі так падыходзіць, дык нават дзірка ў плоце можа пашкодзіць двухбаковым дачыненьям. Але пакуль няма рэальных падставаў, каб меркаваць, што вайна супраць Іраку неяк паўплывае на польска-беларускіая дачыненьні”.

У Польшчы зь вялікім зьдзіўленьнем прыслухоўваюцца да заяваў беларускага лідэра ў падтрымку Садама Хусэйна. Я запытаўся ў спрадарыні Вільчак, чаму, на яе думку, Аляксандар Лукашэнка так зацята падтрымлівае ірацкага дыктатара?

(Вільчак: ) “Цяжка дакладана сказаць, чаму Лукашэнка гэта робіць. Мы ўжо шмат разоў мелі магчымасьць упэўніцца, што паводзіны беларускага лідэра немагчыма патлумачыць правіламі здаровага сэнсу. Так ёсьць і ў гэтым выпадку. Магчыма, што такім чынам Лукашэнка хоча спадабацца Маскве. Гэта ягоны адзіны шанец, каб ізноўку наблізіцца да расейскага лідэра, паказваючы, што ён падтрымлівае пазыцыю Пуціна”.

Яшчэ адно пытаньне, якое апошнімі днямі можна пачуць у беларускіх супольнасьцях Польшчы: ці ў зьвязку з розьніцай падыходаў да вайны супраць Іраку ў Менску і Варшаве можна чакаць зьмены стаўленьня да беларусаў, якія жывуць у Польшчы, з боку звычайных палякаў? На гэтае пытаньне зь Беластоку адказвае старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы Яўген Вапа:

(Вапа: ) “Пакуль, у першыя дні, гэта не адчуваецца і не заўважаецца. Можа, потым і будуць магчымыя нейкія спарадычныя выпадкі, але ўвогуле, на маю думку, гэта ня будзе мець вялікага значэньня. Як мы бачым, і ў Польшчы большасьць грамадзянаў не падтрымліваюць высылкі польскіх жаўнераў у Ірак”.
XS
SM
MD
LG