Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭБЭРГАРТ ГАЙКЕН НАКІРАВАЎ ЛІСТ У “НАРОДНУЮ ВОЛЮ”


Ул. інф.

Спадар Гайкен не пагадзіўся з прэтэнзіямі й выказаў сваё неўразуменьне ў зьвязку з тым, што выданьне не паспрабавала абмеркаваць свае крытычныя заўвагі непасрэдна з прадстаўнікамі місіі. Якія функцыі насамрэч мае місія АБСЭ — удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у акцыях апазыцыі, уступаць ці не ўступаць у канфрантацыю з уладамі, і якім чынам спрыяць дэмакратыі?

У тэлефоннай размове доктар Гайкен быў ветлівым і ляканічным. Адносна публікацыі ў “Народнай волі” ён паведаміў, што звычайна не камэнтуе падобны ўзровень журналістыкі, а тым больш неабгрунтаваныя высновы адносна нямэтазгоднасьці працы місіі. Кіраўніка офісу зьдзіўляе, што такія высновы робяцца літаральна празь месяц ад пачатку ягонай дзейнасьці ў Менску.

Што да іншых пытаньняў, то спадар Гайкен паабяцаў адказаць на іх у наступным месяцы.

Аднак, наколькі насамрэч зараз марнуюцца ў Менску грошы эўрапейскіх падаткаплатнікаў, ці ў кампэтэнцыі місіі ўдзельнічаць ў акцыях апазыцыі, ці робіць менскі офіс увогуле што-небудзь карыснае дзеля беларускай дэмакратыі? — такія пытаньні мы паспрабавалі высьветліць у папярэдніка доктара Гайкена — доктара Віка, на адрас якога і дагэтуль чуецца крытыка як з боку беларускіх уладаў, так і з боку іх апанэнтаў.

(Вік: ) “Я не магу рабіць тлумачэньні паводле канкрэтнага факту, аднак ведаю, што місія выконвае сваю справу ў адпаведнасьці з мандатам і тым, як гэта ўзгоднена з кіраўніцтвам АБСЭ ў Вене. Аналізуючы цяперашнюю працу офісу, трэба зыходзіць з таго, што беларускі ўрад на працягу 2002 году літаральна заблякаваў дзейнасьць прадстаўніцтва АБСЭ, а таксама з таго, што цяперашняя місія мае іншую канструкцыю, чым папярэдняя.

Аднак мушу заўважыць, што маю чатырохгадовую працу ў Менску ў рамках іншага мандату пастаянна крытыкавалі то ўрад, то апазыцыя. Прыводзіліся самыя розныя аргумэнты, у тым ліку вельмі падобныя на гэтыя. У любым выпадку, мяне вельмі часта крытыкавалі.

Як былы кіраўнік я не хацеў бы рабіць нейкія параўнаньні, каб ня быць недакладна зразуметым. Нашая група ўдзельнічала ў розных імпрэзах — дзяржаўных, апазыцыйных. Але гэта было ў наш час. Зараз час іншы, і ўсё вырашае цяперашняе кіраўніцтва. Я перакананы, што цяперашняя каманда дзейнічае вельмі добрасумленна і прафэсійна на шляху будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці. Рабіць нейкія меркаваньні пра вынікі працы зарана. Гэта пытаньне, на якое адкажа час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG