Прызначэньне новага кіраўніка замежнапалітычнага ведамства ня стала сэнсацыяй. Пра тое, што менавіта Сяргей Мартынаў зьменіць Міхаіла Хвастова, у беларускім друку пісалі яшчэ ў студзені.
Ці могуць адбыцца ў замежнай палітыцы Беларусі істотныя зьмены з прыходам Сяргея Мартынава? Асабліва ўлічваючы той факт, што новы міністар аўтаматычна робіцца неўязным у заходнія краіны — як і іншыя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі. Вось як адказвае на маё пытаньне экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў у Менску Андрэй Фёдараў:
(Фёдараў: ) “На мой погляд, ня будзе, бо ў нас зьнешнюю палітыку вызначае не міністар замежных справаў, а кіраўнік дзяржавы. Усё, што мы бачылі да гэтага, а гэта ўжо пяты міністар на прэзыдэнцкі час, і ўся палітыка, хаця яны былі зусім розныя — Сянько, Латыпаў, Антановіч — палітыка была фактычна аднолькавая”.
Сябар камісіі ў міжнародных справах Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец упершыню сустрэўся зь Сяргеем Мартынавым вясной 1996 году ў Вашынгтоне, калі ў складзе парлямэнцкай дэлегацыі наведаў ЗША. Тады яшчэ было незразумела, чым скончыцца супрацьстаяньне Лукашэнкі зь Вярхоўным Саветам. Вось што расказвае пра тую гутарку спадар Знавец:
(Знавец: ) “Уражаньне было як звычайна ад сустрэчы зь любым дзяржаўным чыноўнікам, які камусьці служыць. Маё першае пытаньне да яго было: чаму ён вывесіў над амбасадай лукашысцкія сьцягі, якія тады яшчэ не былі зацьверджаныя Вярхоўным Саветам і былі цалкам незаконныя? Ён пачаў ківаць галавой на наш бок: што ж вы там ня можаце вырашыць гэтае пытаньне. Мартынаў казаў: мы паднявольныя. Адчувалася, як кадравы дыплямат, ён стараўся ўхіліцца ад простых адказаў. І гэта сутнасьць чыноўніка беларускага. Яны пужаюцца таго, у каго ёсьць сіла. Дрыжачы такі стан запомніўся пасьля гэтай аўдыенцыі”.
21 cакавіка Аляксандар Лукашэнка прызначыў амбасадарам Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова. Вось як камэнтуе гэта прызначэньне Павал Знавец:
(Знавец: ) “Я думаю, што Лукашэнка, як чалавек, які баіцца атчэньня, у тым ліку і вось гэтых кадравых дыпляматаў (таму што ён ведае, якія пазыцыі ў іх галаве), што яны здадуць яго пры найменшай магчымасьці, калі зрух адбудзецца. І таму ён хоча, каб яны не заседжваліся доўга. Бо калі чалавек заседжваецца на адным месцы, адчувае сябе ўсё больш і больш упэўнена. Ён становіцца трохі небясьпечным”.
50-гадовы Сяргей Мартынаў, які нарадзіўся ў Ленінакане, прафэсійны дыплямат. У 1975 годзе закончыў Маскоўскі інстытут міжнародных зносінаў. Быў намесьнікам сталага прадстаўніка Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У 1992 годзе яго прызначылі спачатку часовым павераным, а потым амбасадарам Беларусі ў ЗША. У лютым 1997 году Мартынава вярнулі ў апарат МЗС, дзе ён заняў месца першага намесьніка міністра. Пасьля пяці гадоў працы — новае прызначэньне: амбасадар Беларусі ў Бэльгіі, Люксэмбургу і прадстаўнік пры міжнародных арганізацыях, што месьцяцца ў Брусэлі, найперш, пры Эўразьвязе і НАТО.