Пакуль адзіная суцяшальная для беларускіх аматараў футболу навіна — адборачны матч да Чэмпіянату Эўропы супраць зборнай Малдовы 29 сакавіка адбудзецца. А вось далейшая пэрспэктыва прысутнасьці на міжнароднай арэне нацыянальнай і клюбных камандаў цьмяная, — лічыць былы кіраўнік БФФ Рыгор Фёдараў.
(Фёдараў: ) “Усё вырашыцца на ўзроўні выканкаму УЭФА. Выканкам заўсёды зьбіраецца напярэдадні кангрэсу, а кангрэс распачынае працу 27 сакавіка ў Рыме. Цягнуць з прыняцьцем рашэньня ніхто ня будзе. Міфсуд з Эпле сказалі, што сёньня ж пачнуць пісаць рапарт па сытуацыі ў Беларусі. Што тычыцца выніковага абмеркаваньня — звычайна, у такіх выпадках нікога з нацыянальнай фэдэрацыі ў Швайцарыю не запрашаюць. Мы сталі закладнікамі ўласных амбіцыяў — не захацелі шукаць кампрамісу. 18 лютага прадстаўнікі ФІФА і УЭФА прыяжджалі адмыслова; мы ўсё ўзгаднілі. Але як толькі яны ад’ехалі, усё пайшло інакш, пачаліся нейкія гульні... Правільна сказаў Міфсуд: гуляйце на футбольным полі, а тут так нельга, тут зусім іншыя падыходы”.
Дарэчы, прадстаўнікі ФІФА і УЭФА па-ранейшаму прызнаюць паўнамоцтвы толькі Рыгора Фёдарава. Іх пазыцыя адносна выбараў новага кіраўніка фэдэрацыі, вылучэнца Лукашэнкі Генадзя Нявыгласа, адназначная: выбары адбыліся з парушэньнем нормаў ФІФА і УЭФА. Шмат хто зь беларускіх спартовых адмыслоўцаў пагаджаецца, што ўчорашняе галасаваньне ператварылася ў звычайную прафанацыю.
Фармальна Нявыгласа на пасаду прэзыдэнта БФФ вылучыла менская гарадзкая фэдэрацыя футболу. Таму зьяўленьне ў якасьці альтэрнатывы старшыні гэтай жа фэдэрацыі Міхаіла Вергіенкі некаторыя дэлегаты канфэрэнцыі назвалі “пылам у вочы”. Тым ня меней, гэта не перашкодзіла ім амаль аднагалосна прагаласаваць за Нявыгласа. Вядомы беларускіа трэнэр Людас Румбуціс лічыць, што праблема палягае ў статутных адрозьненьнях беларускай і міжнародных фэдэрацыяў. Але і Румбуціс разумее магчымасьць сур’ёзных наступстваў ад учорашняга абраньня Нявыгласа.
(Румбуціс: ) “Так, дапускаю. Хоць, паводле свайго заканадаўства, мы зрабілі ўсё правільна. Робячы падобныя захады, мы зыходзілі з аднаго: колькі можна заставацца без улады? Гэта што за “ленініяна” — кіраўніцтва зь Фінляндыі (я маю на ўвазе Фёдарава). І адна фэдэрацыя, і другая, і трэцяя кажуць: дзе ўлада? Зборным праз тыдзень гуляць, а нічога не аплачана: ні пражываньне, ні харчаваньне, ні арэнда — нічога. З газэтаў даведваюцца, што матч моладзевых камандаў адбудзецца ў Барысаве. Што гэта за фэдэрацыя такая? УЭФА, натуральна, не да нашых праблемаў, але ж мы мусім вырашаць найперш свае задачы! Таму, у прынцыпе, павінна ўсё быць нармалёва, але верагоднасьць дрэнных наступстваў выключаць гэтаксама нельга”.
Падсумоўваючы вынікі візыту ў Беларусь, прадстаўнікі ФІФА і УЭФА канстатавалі: умовы для вырашэньня крызыснай сытуацыі павінны стварыць тыя асобы, якія паставілі ўвесь беларускі футбол перад пагрозай адлучэньня ад міжнародных гульняў.