Два тыдні таму Вольга Завадзкая, расчараваная прыпыненьнем справы аб зьнікненьні сына, падала на пракуратуру Беларусі скаргу ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Жанчына заявіла, што былі парушаныя яе правы як пацярпелай: яе нават не пазнаёмілі з пастановай аб прыпыненьні расьсьледаваньня. Яна запатрабавала аднавіць сьледзтва і пакараць вінаватых у парушэньні закону.
Судзьдзя Пётар Кіркоўскі з Цэнтральнага суду Менску ў пісьмовым адказе паведаміў Вользе Завадзкай, што яе скарга ў судзе разглядацца ня будзе, ёй прапанавана скардзіцца на дзеяньні сьледчых пракуратуры ў саму пракуратуру. Вольга Завадзкая ўспрыняла гэтую адмову як яшчэ адзін доказ нежаданьня ўладаў высьвятляць лёс сына.
(Завадзкая: ) “Усё робіцца дзеля таго, каб накіроўваць нас па інстанцыях надоўга альбо нават назаўсёды, каб нікому ня стала вядомая праўда!” — лічыць Вольга Завадзкая.
Яе адвакат Гары Паганяйла перакананы, што адмова разглядаць скаргу ў судзе ёсьць парушэньнем Канстытуцыі Беларусі. Гары Паганяйла нагадаў леташняе рашэньне Канстытуцыйнага суду, які адмыслова разьбіраўся ў гэтай праблеме.
(Паганяйла: ) “Ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага суду, які наўпрост пацьвердзіў, што грамадзяне маюць права на судовае абскарджваньне дзеяньняў сьледчых і пракурораў, калі гэта тычыцца іх грамадзянскіх правоў. Вольга Завадзкая прызнаная ў справе яе сына пацярпелай, яе правы былі яўна парушаныя, і яна мае права скардзіцца на пракуратуру менавіта ў суд. Такім чынам, ігнаруецца канстытуцыйная гарантыя судовай абароны законных інтарэсаў і правоў грамадзянаў”.
Гары Паганяйла паведаміў, што Вольга Завадзкая будзе скардзіцца на судзьдзю Цэнтральнага раённага суду ў Менскі гарадзкі суд і далей дамагацца судовага разьбіральніцтва парушэньняў закону з боку сьледчых пракуратуры.