Яны займаюць супрацьлеглыя пазыцыi ў пытаньнi iрацкай вайны – Брытанiя бярэ ў вайне актыўны ўдзел, а Францыя катэгарычна выступае супраць ваенных дзеяньняў. Падчас учорашняй сустрэчы лiдэраў краiнаў Эўразьвязу ў Брусэлi гэтыя разыходжаньнi яшчэ болей пашырылiся. Прэсавая служба брытанскага ўраду нават адмовiлася пацьвердзiць факт сустрэчы памiж прэм’ер-мiнiстрам Брытанii Тонi Блэрам i прэзыдэнтам Францыi Жакам Шыракам. Два лiдэры вельмi жорстка спрачалiся наконт тэксту ўчорашняй рэзалюцыi Эўразьвязу ў справе Іраку. Зь вялiкай цяжкасьцю ўдалося знайсьцi кампрамiсныя фармулёўкi, якiя проста заклiкаюць да поўнага i эфэктыўнага раззбраеньня Іраку.
Пасьля сустрэчы брытанскi ўрад апублiкаваў статыстыку, якая паказвае, што францускi экспарт у Ірак – найбольшы сярод эўрапейскiх краiнаў.
Кiраўнiцтва Эўразьвязу спрабуе пераканаць лiдэраў Брытанii i Францыi спынiць спрэчкi i абмяркоўваць тыя тэмы, дзе iснуе згода – асаблiва патрэбу гуманiтарнай дапамогi ахвярам вайны. Кiраўнiк Эўракамiсii Рамана Проды заклiкаў правесьцi адмысловую сустрэчу ў справе гуманiтарнай дапамогi. Аднак, як пiша “Independent”, многiя эўрапейскiя лiдэры лiчаць непрывабным варыянтам кампэнсаваць выдаткi вайны, якую яны не падтрымлiваюць.
Брытанская газэта “Times” аналiзуе магчымыя дзеяньнi Турэччыны ў iрацкiм канфлiкце. “Times” пiша, што застаецца вялiкае пытаньне – што Злучаныя Штаты абяцалi Турэччыне за дазвол на выкарыстаньне турэцкай паветранай прасторы. Газэта адзначае, што адзiн з магчымы варыянтаў – амэрыканская згода на тое, каб турэцкiя войскi ўвайшлi ў паўночны Ірак. На думку аглядальнiкаў “Times”, такi крок можа прывесьцi да дадатковай вайны ў рэгiёне, якая можа цягнуцца дзесяцiгодзьдзямi. Многiя курды ў паўночным Іраку кажуць аб гатоўнасьцi замагацца з турэцкiмi войскамi, калi яны увойдуць у Ірак. Акрамя таго, пiша “Times”, iснуе небясьпека, што да канфлiкту могуць далучыцца Іран i Сырыя, якiя таксама мяжуюць зь Іракам i маюць праблемы з курдзкiм насельнiцтвам.
Украiнская газэта “Дэнь” пiша пра тэлезварот прэзыдэнта Леанiда Кучмы да народу Ўкраiны. Учора Вярхоўная Рада Ўкраiны дала згоду даслаць адмысловы украiнскi батальён у раён Пэрсыдзкай затокi. Гэты батальён мусiць дзейнiчаць у выпадку, калi падчас цяперашняй вайны будзе скарыстаная хiмiчная цi бiялягiчная зброя. Прэзыдэнт Кучма падчас свайго звароту падкрэсьлiў, што батальён ня будзе ўдзельнiчаць у баявых дзеяньнях. Ён сказаў, што ўсе ўкраiнцы будуць малiцца за бясьпечнае вяртаньне ўсiх вайскоўцаў дадому.
У звароце Кучма таксама заявiў, што Ўкраiна застаецца вернай свайму стратэгiчнапу партнэрству – перадусiм са Злучанымi Штатамi Амэрыкi. Украiнскi прэзыдэнт сказаў: “Мы ёсьць сябрамi антытэрарыстычнай каалiцыi i лiчым сваiм галоўным абавязкам змагацца з гэтым злом, найбольшым злом 21-га стагодзьдзя”.
Цырымонiю ўручэньня амэрыканскiх кiнапрэмiяў “Оскар” у гэтую нядзелю будзе ахоўваць падразьдзяленьне Нацыянальнай гвардыi ЗША. У зьвязку з вайной у Іраку, на цырымонii робяцца дадатковыя захады бясьпекi. Адначасна многiя акторы й рэжысэры плянуюць пратэставаць супраць вайны i прыйдуць на цырымонiю з адмысловым значком – пра гэта ўжо, да прыкладу, абвесьцiлi Дастын Гофман, Джым Кэры ды Бэн Афлек. Актор Уiл Сьмiт увогуле адмовiўся браць удзел у цырымонii, заявiўшы, што цяпер ня час для сьвяткаваньняў.
Група францускiх галоўных кухараў абвесьцiла байкот амэрыканскiм прадуктам у сувязi з вайной у Іраку. Яны выкрэсьлiлi з мэню сваiх рэстаранаў вiскi, амэрыканскi кетчуп, кока-колу ды iншыя амэрыканскiя газаваныя напоi. Повар Луi Буаён, якi ўзначалiў кампанiю байкоту, кажа, што некаторыя амэрыканцы першыя пачалi кулiнарную вайну, байкатуючы францускае вiно ды сыры. На мiнулым тыднi мы перадавалi, што кафэ ў амэрыканскiм Кангрэсе нават перайменавала бульбу па-француску, якая там цяпер называецца “бульба свабоды”.
Карэспандэнт агенцтва “Reuters” перадае з брытанскага ваеннага карабля ў Пэрсыдзкай затоцы, што аб пачатку вайны зь Іракам можна было лёгка здагадацца яшчэ ў сераду ўвечары, калi ў карабельным бары спынiлi прадаваць алькаголь. У адрозьненьне ад амэрыканскiх караблёў, дзе дзейнiчае “сухi закон”, брытанскiм маракам дазваляецца штодня ўжыць тры бляшанкi пiва. Афiцэры ж могуць карыстацца паўнавартасным барам. Паколькi алькаголь у бары прадаецца без акцызаў ды iншых падаткаў, то шклянка брэндзi каштуе там на беларускiя грошы каля 400 рублёў. Але ўсё гэта тычыцца мiрнага часу, з пачаткам вайны алькаголь на караблях забаронены.
Амэрыканец, якi пратэставаў супраць вайны ў Іраку, прышпiлiў сябе ланцугом да будынку ў штаце Вашынгтон. Ён аднак памылiўся, i замест дзяржаўнага офiсу прыйшоў да будынку, дзе месьцiлася дабрачынная арганiзацыя, якая дапамагае бедным у сельскiх раёнах. Палiцыi давялося перакусваць ланцуг адмысловым рыштункам, каб вызвалiць пiкетоўца. Яго не арыштавалi i ня вылучылi супраць яго нiякiх абвiнавачаньняў.
Адна зь вядучых iнтэрнэт-службаў Брытанii паведамляе, што ў апошнiя днi слова вайна найбольш часта ужываецца карыстальнiкамi для пошуку ў навiнах. У Злучаных Штатах найбольш частае слова для пошуку цяпер – Ірак.
Раней брытанцы найбольш ужывалi ў пошуку словы сэкс, падарожжа i Брытнi – iмя поп-сьпявачкi Брытнi Спiрс. Амэрыканскiя карыстальнiкi Інтэрнэту раней найчасьцей шукалi зьвесткi пра жаночую кантры-групу “Дыксi Чыкс”.