Ёсьць як нэгатыўныя моманты, гэтак і станоўчыя. Яны ў тым, што вось ужо другая ноч ад пачатку вайны прайшла спакойна, і гэта ўсяляе пэўны аптымізм у жыхароў Ізраілю, таму што яны згадваюць 1991 год і апэрацыю “Бура ў пустыні”, калі Ірак нанес ракетны ўдар па тэрыторыі Ізраілю, і гэта адбылося на другія суткі. Тут лічаць, што калі зараз Ірак ня выпусьціў ракеты па тэрыторыі Ізраілю ў першыя 48 гадзінаў вайны, дык магчыма, ён ня зможа гэтага зрабіць і пазьней, таму што амэрыканская авіяцыя можа разбамбіць усе ракетныя ўстаноўкі Іраку ў тых месцах, адкуль ён можа нанесьці такі ўдар.
Зь іншага боку, усе адзначаюць, што ўжо другі дзень запар Ірак накіроўвае ракеты на тэрыторыю Кувэйту, і гэта ракеты “Скад” – менавіта тыя ракеты, якімі Ірак у 1991 годзе абстрэльваў Ізраіль. Такім чынам, Ірак мае ракеты, якімі ён можа нанесьці ўдар і па Ізраілі, і гэта непакоіць людзей.
Акрамя таго, становіцца відавочна, што краіна не зусім падрыхтаваная да вайны. Напрыклад, учора ўвечары зьявілася інфармацыя, што толькі ў першы дзень вайны стала вядома, што ў Тэль-Авіве 150 бомбасховішчаў да апошняга моманту выкарыстоўваліся ў якасьці начных клюбаў ці месцаў для культурніцкіх і іншых масавых мерапрыемстваў, і яны не былі падрыхтаваныя да таго, што мажа пачацца бамбаваньне. І гэтая сытуацыя, калі ўлады ўсё-ткі ня цалкам падрыхтаваліся да вайны, непакоіць людзей. Але кожную гадзіну нехта з прадстаўнікоў уладаў выступае ў тэлевізіі, каб супакоіць насельніцтва – маўляў, верагоднасьць ўдару Іраку па Ізраілі вельмі малая.