З канфіскаваных грошай 1,44 мільярды пойдуць на рэканструкцыю паваеннага Ірака. Рэшта – недзе 300 мільёнаў – будзе захоўвацца ў адмысловым фондзе і пойдзе на кампэнсацыю па судовых пазовах амэрыканскіх грамадзян, якія пацярпелі ад рэжыму Садама Хусэйна. Прыкладам такіх судовых пазоваў могуць быць пазовы асоб, якія былі выкарыстаныя Садамам як жывыя шчыты пад час вайны ў Пэрсыдзкай затоцы ў 1991 годзе.
Цікава, што гэта другі выпадак пасьля другой сусьветнай вайны, калі ЗША ня толькі замарожваюць рахункі і сродкі, але менавіта канфіскуюць іх. Першы выпадак быў з аднаразавай выплатай з Кубінскага рахунку ў 1996 годзе.
Зараз банкі Вялікабрытаніі, Японіі, Багамскіх і Кайманскіх выспаў пакуль толькі замарозілі, але не канфіскавалі агулам 600 мільёнаў даляраў ірацкіх грошай.
Папярэднія падлікі кошту адбудовы паваеннага Ірака вагаюцца. Гэты кошт залежыць ад узроўню разбурэньня інфраструктуры і асабліва ад таго, ці будуць падпаленыя нафтавыя сьвідравіны. Паводле розных ацэнак, на аднаўленьне спатрэбіцца ад 10 да 60 мільярдаў даляраў у год, так што канфіскаванага ірацкага фонду хопіць хіба на пару месяцаў.
Але істотна справе адбудовы можа памагчы продаж нафты. Плянуецца, што Ірак зможа выручыць недзе 20 мільярдаў даляраў у год ад продажу нафты. Таму вядома, што амэрыканскае кіраўніцтва заклікае ірацкіх вайскоўцаў не падпальваць сьвідравіны і пагражае трактаваць такія дзеяньні як ваенныя злачынствы. Тым часам ужо зараз вядома, што ірацкія сілы падпалілі 5 сьвідравін. Нагадаю, што адыходзячы з Кувэйту ірацкія войскі падпалілі 732 сьвідравіны. Апроч кароткатэрміновага эканамічнага эфэкту, дым ад падпаленай нафты можа мець катастрафічны экалягічны эфэкт ня толькі для рэгіёну, але і для ўсёй зямной атмасфэры. Кошт гэтай катастрофы падлічыць ня можа, бадай, ніхто. Таму адной з задач адмысловых амэрыканскіх атрадаў будзе захаваньне нафтавых рэсурсаў.