Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"РЭАКЦЫЯ НА ГУЛІВЭРА"

Аляксандар Лукашук, Вашынгтон

Пераважна гэта рэакцыя на Гулівэра – увагу, пазытыўную і нэгатыўную, натуральна выклікае ўсё, што выходзіць за межы звычайнага. Адбылася кардынальная зьмена раскладу сілаў ва ўсім сьвеце. Да зусім нядаўняга, паводле гістарычных меркаў, часу – усяго 10 гадоў таму – існаваў вельмі выразны двухпалярны сьвет. Гэта вызначала шмат якія рэакцыі ў сьвеце. Напрыклад, у 1960-я гады ў Эўропе і ў Злучаных Штатах таксама былі пратэсты супраць амэрыканскай палітыкі ва Вьетнаме. Але ў тыя ж самыя гады, у 1968 годзе, было і ўварваньне савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну, і былі пратэсты супраць другога полюсу сілы. Напачатку 1980-х рух "пісьнікаў" пратэставаў супраць разьмяшчэньня амэрыканскіх ядзерных ракетаў “Пэршынг” у Эўропе. Адначасна адбываліся пратэсты, аж да байкоту Алімпіяды, у сувязі з савецкай акупацыяй Афганістану. І гэтыя пратэсты былі сувымерныя.

Цяпер адбыліся істотныя зьмены – сьвет стаў аднапалярным. Цяжка ўспомніць, каб апошнім часам недзе ў сьвеце праходзілі масавыя акцыі пратэсту супраць паводзінаў Садама Хусэйна ці Талібану ці, напрыклад, беларускага рэжыму, ці нават супраць расейскай вайны ў Чачэніі. Тыя пратэсты несувымерныя з апошнімі антыглябалісцкімі акцыямі і зь сёньняшнімі пратэстамі супраць нападу на Ірак. Справа у тым, што Амэрыка цяпер засталася у адзіноце – ніхто нават блізка не стаіць поруч з Вашынгтонам паводле эканмічнай і вайсковай моцы.

У 2004 годзе Злучаныя Штаты выдаткуюць на свой абарончы бюджэт больш, чым увесь астатні сьвет – боьш чым 191 краіна разам узятыя. І гэта ўсяго 4% ад валавага нацыянальнага прадукту Злучаных Штатаў. У адсоткавым выражэньні гэта нават меней, чым трацілася падчас “халоднай вайны”. Эканоміка ЗША сёньня роўная эканомікам Японіі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі разам узятым. Амэрыканцы складаюць усяго 5% насельніцтва сьвету, але яны даюць 43% усясьветнай эканамічнай прадукцыі. Палова ўсіх дасьледаваньняў і новых тэхналёгіяў у сьвеце робяцца ў ЗША. Такі сёньяншні эканамічны і вайсковы стан, у якім ЗША пачала вайну супраць Іраку.

Будучыня ў гэтым сэнсе таксама выглядае больш прывабнай для Злучаных Штатаў. Эўропа старэе, зьмяншаецца насельніцтва, а насельніцтва Злучаных Штатаў маладое, дынамічнае, і ў гэтым сэнсе пазытыўныя тэндэнцыі будуць толькі нарастаць.

На нашых вачах усясьветная грамадзкая думка сутыкнулся з новай гістарычнай рэальнасьцю. Ад 16-га стагодзьдзя міжнародныя адносіны будаваліся на фармаваньні балянсаў. Меншыя, слабейшыя партнэры аб’ядноўваліся супраць моцных, каб ня даць ім магчымасьці занадта пашырыцца. Такія кааліцыі ўтвараліся, напрыклад, у 17-м стагодзьдзі супраць Габсбурскай імпэрыі, пры канцы 18-га і на пачатку 19-га стагодзьдзяў – супраць Францыі. У 20-м стагодзьдзі – супраць Нямеччыны і пазьней супраць Савецкага Саюзу.

Цяпер гэтая ідэя стварэньня балянсу відавочна адыходзіць у мінулае – занадта вялікая розьніца ў сілах. Натуральна, паўстае пытаньне: ці не скарыстае такую сваю моц Амэрыка на шкоду іншым, ці не пагражае сьвету новы імпэрыялізім? Менавіта гэта ляжыць цяпер у аснове пытаньняў і трывогаў, зь якімі людзі выходзяць на дэманстрацыі супраць вайны.

Добры адказ тут дае гісторыя. Амэрыка ў мінулым стагодзьдзі ўдзельнічала ў некалькіх войнах. Удзел Амэрыкі ў першай усясьветнай вайне прывёў да пашырэньня дэмакратыі ў сьвеце. Удзел Амэрыкі ў другой усясьветнай вайне таксама прывёў да пашырэньня дэмакратыі і стабільнасьці. Удзел Амэрыкі ў “халоднай вайне” даў гэткі ж самы вынік.

Самыя апошнія ўдзелы ЗША ў ваенных дзеяньнях – гэта Гаіты, гэта Косава і, нарэшце, Афганістан. І паўсюль мы бачым адназначныя вынікі на карысьць дэмакратызацыі. Прычына перш за ўсё ва ўнікальным характары самой Амэрыкі, дзе дэмакратыя, законнасьць і свабодны рынак працуюць надзвычай эфэктыўна і не даюць нэгатыўным рысам набраць моц і зьмяніць фундамэнтальна свабодалюбны характар амэрыканскага грамадзтва і дзяржавы. Нават у цяжкія часы, у пэрыяд крызысу 1930-х гадоў, у ЗША не магла зьявіцца "моцная рука", на якую так лёгка спакушаліся ў розныя пэрыяды сваёй гісторыі шмат якія краіны.

Паводле статыстыкі, былі чысы, калі Амэрыка была нават мацнейшая эканамічна, чым цяпер – то бок, у параўнаньні зь іншымі краінамі. Ужо сто гадоў таму ЗША был самай багатай краінай сьвету. На працягу 10 гадоў пасьля другой усясьветнай вайны ЗША давалі 50% усясьветнага валавага эканамічнага прадукту – больш чым цяпер. Але гэтая магутнасьць не выклікала такіх падазрэньняў як цяпер. Што зьмянілася – апроч таго, што сьвет стаў аднапалярным?

Калі коратка – зьмянілася Амэрыка. У 1945 годзе ЗША вырашылі не будаваць новую імпэрыю – яны былі ініцыятарамі стварэньня ААН і Брэтанвудскіх пагадненьняў, якія заклалі падмурак сучаснага эканамічнага супрацоўніцтва. У рамках пляна Маршала 120 мільярдаў даляраў у сучасных цэнах былі ўкладзеныя у выглядзе дапамогі у адбудову паваеннага сьвету. Гэта хіба самая вялікая дабрачынная апэрацыя за ўсю гісторыю чалавецтва.

Але быў яшчэ адзін аспэкт – дыпляматычны. Франклін Рузвэльт, прэзыдэнт ЗША, двойчы прылятаў на перамовы ў Тэгеран і Ялту на сустрэчу з саюзьнікамі. Нагадаю, Рузвэльт быў глыбока хворы чалавек, ніжняя палова цела яго была спаралізаваная, такія падарожжы даўжынёй ў 40 гадзінаў каштавалі яму вельмі дорага. Але ён разумеў важнасьць дыпляматыі і, напрыклад, пагадзіўся на уключэньне Кітаю як сталага сябра у Раду Бясьпекі ААН, хаця гэта была пераважна сялянская, эканамічна неразьвітая краіна. Такая палітыка працягвалася і пазьней. Іншымі словамі – амэрыканскае кіраўніцтва дыпляматычнымі сродкамі дамагалася даверу і разуменьня – і гэта ішло на карысьць амэрыканскім інтарэсам.

Цяперашняя адміністрацыя Джорджа Буша значна адрозьніваецца ад папярэднікаў – сам прэзыдэнт, напрыклад, наведаў менш замежных краінаў, чым любы яго папярэднік на пасадзе за апошнія 40 гадоў. Віцэ-прэзыдэнт Чэйні толькі аднойчы быў за мяжой пасьля абраньня на пасаду. У першы пэрыяд прэзыдэнцтва адміністрацыя Буша сьвядома самаўхілялася ад так званага будаўніцтва нацыянальных дзяржаваў, адышла ад удзелу у вырашэньні блізкаўсходняга канфлікту.

Але трэба аддаць Вашынгтону і належнае: прэзыдэнт Буш на 50% у параўнаньні з Білам Клінтанам павялічыў замежную дапамогу, абвясьціў 15-мільярдную праграму барацьбы са СНІДам, нядаўна афіцыйна падтрымаў заснаваньне Палестынскай дзяржавы.

Паказальна, што гэта прайшло амаль без удзячнасьці ад зацікаўленых бакоў. Прычына – усе гэтыя дзеяньні рабіліся як бы нехаця, насупраць ранейшым заявам. Апроч таго, некаторыя міністры і высокапастаўленыя чыноўнікі даволі зьневажальна выказваліся пра іншыя краіны і іх лідэраў.

Такая стратэгія раздражняе саюзьнікаў і цешыць ворагаў. Кажуць, што ў дыпляматыі стыль часта і ёсьць зьместам – адміністрацыя Клінтана тройчы ўжывала сілу – у Босьніі, Гаіты і Косаве – бяз санкцыі ААН. Кофі Анан тады нават заявіў, што дзяржаўны сувэрэнітэт ня можа быць апраўданьнем для парушэньня правоў чалавека. Цяпер Анан заяўляў, што акцыя супраць Іраку незаконная. У апэрацыі супраць талібскага Афганістану Вашынгтон фактычна маргіналізаваў НАТО. Розьніца –у дыпляматыі.

Аднак проста ўскладаць віну на Буша было б неправільна. Пасьля тэрарыстычнага нападу на Амэрыку 11 верасьня 2001 году Буш мусіў дзейнічаць рашуча і хутка. Магчыма, тым больш трэба было праводзіць кансультацыі, выказваць зацікаўленьне да супрацоўніцтва і рабіць тое, што трэба было рабіць. Такая дыскусія ідзе ў амэрыкансім друку і грамадзтве. Я працытую вядомага амэрыканскага публіцыста Фарыда Закарыю, які з гэтай нагоды сказаў: “Задача у тым, каб Амэрыку баяліся ворагі, а ня ўвесь сьвет”.
XS
SM
MD
LG