Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЛЬШЫНЯ МІЖНАРОДНАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ НЭГАТЫЎНА АДРЭАГАВАЛА НА ПАЧАТАК ВАЕННАЙ АКЦЫІ Ў ІРАКУ


Кастусь Бандарук, Прага

У атацы ўдзельнічалі таксама бамбавікі F-117, якія скінулі адмысловыя бомбы, кожная зь якіх важыць амаль тону, на бункеры каля Багдаду. Паводле разьведвальных службаў ЗША, у іх мог знаходзіцца сам Садам Хусэйн і сябры найвышэйшага кіраўніцтва Іраку.

У 4 гадзіны 45 хвілінаў паводле менскага часу прадстаўнік Белага Дому Ары Фляйшэр афіцыйна паведаміў, што распачаўся “канчатковы этап” разбраеньня Іраку.

Праз поўгадзіны, у 5.15, зь Белага Дому з кароткай прамовай выступіў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш.

(Буш: ) “На мой загад кааліцыйныя сілы распачалі ўдары на выбраныя вайсковыя аб’екты ў Іраку, каб аслабіць здольнасьці Садама Хусэйна да вядзеньня вайны. Гэта пачатковая фаза буйнамаштабнай апэрацыі”.

Буш падкрэсьліў, што апэрацыя супраць Іраку праводзіцца ў якасьці самаабароны і дзеля вызваленьня ірацкага народу з-пад “ярма рэжыму Хусэйна”. Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што сілы ЗША і саюзньнікаў ўваходзяць ў Ірак выключна з мэтай разбраененья і адхіленьня ад ўлады Садама Хусэйна і хочуць мінімізаваць пакуты цывільных людзей.

(Буш: ) “Я хачу, каб амэрыканцы і ўвесь сьвет ведалі, што кааліцыйныя сілы зробяць усе высілкі, каб нявіннае цывільнае насельніцтва не пацярпела”.

Аднак прэзыдэнт ЗША адзначыў, што саюзныя сілы маюць дачыненьне з ворагам, які не прызнае ніякіх канвэнцыяў, ані правілаў вядзеньня вайны, і што Хусэйн можа ўжыць нявінных людзей, у тым ліку жанчынаў і дзяцей, у якасьці “жывых шчытоў”.

Праз дзьве гадзіны пасьля Джорджа Буша з тэлевізійнай прамовай да народу зьвярнуўся Садам Хусэйн.

(Хусэйн: ) “Сёньня, 20 сакавіка 2003 году, бяздумны злачынца Буш-малодшы пайшоў на злачынства супраць чалавечнасьці, якім ён пагражаў нам даўжэйшы час”.

Хусэйн заклікаў ірацкі народ мужна вуступіць супраць агрэсіі. Ён абвясьціў “сьвятую вайну” – джыгад – супраць “няверных”. Паводле ірацкага прэзыдэнта, Буш-малодшы праігнараваў “усе сумленныя заклікі да міру”. “Мы абяцаем, што Ірак, ягонае кіраўніцтва і народ выступяць супраць ворага і з дапамогай Алаха перамогуць”, – сказаў Хусэйн. “Хай жыве Ірак! Хай жыве джыгад! Хай жыве Палестына!” –закончыў сваю дзесяціхвілінную прамову Садам Хусэйн.

Неўзабаве пасьля прамовы Садама Хусэйна стала вядома, што дзьве ірацкія дывізіі, 11-я і 51-я, выказалі гатоўнасьць здацца. За апошнія двое содняў амэрыканскія самалёты скінулі ў паўдзённым Іраку 2 мільёны ўлётак з інструкцыямі, як ірацкія войскі могуць здавацца ў палон. Яшчэ да пачатку ваеннай апэрацыі 17 ірацкіх салдатаў перайшлі мяжу з Кувэйтам і здаліся саюзным сілам.

Каля гораду Мутлі ў Кувэйце ўпалі дзьве ірацкія ракеты “Скад”. Паводле ірацкага міністэрства абароны, яны ня несьлі ні хімічнай, ні біялягічнай зброі. Ракеты не спрычынілі стратаў сярод саюзных войскаў.

Што тычыцца рэакцыі на пачатак вайны, дык сьвет падзяліўся на праціўнікаў і прыхільнікаў прыблізна гэтак, які і быў падзелены раней, да ўчорашняга дня. Як і можна было спадзявацца, станоўчая была рэакцыя Велікабрытаніі, якую агучыў міністар замежных справаў Джэк Стро.

(Стро: ) “Калі стала абсалютна ясна, што Садам Хусэйн даўно прыняў і дагэтуль не зьмяніў рашэньня не падпарадкоўвацца міжнароднай супольнасьці, у адпаведнасьці з артыкулам 13 рэзалюцыі 1441 мы ня мелі іншага выйсьця, як ужыць сілу”.

Падтрымку Злучаным Штатам у вайне супраць Іраку выказалі многія краіны. У прыватнасьці, сёньня аб гэтым паведамілі тры балтыйскія дзяржавы: Літва, Латвія і Эстонія. У сувязі з гэтым прадстаўнік Белага Дому Ары Фляйшэр заявіў:

(Фляйшэр: ) “Прэзыдэнт Буш хацеў бы падзякаваць усё большай колькасьці краінаў, якія далучаюцца да “кааліцыі ахвотных” з мэтай раззбраеньня Садама Хусэйна. На сёньняшні дзень 35 краінаў падтрымліваюць кааліцыю, і іх колькасьць узрастае”.

Аднак рэакцыя з боку большасьці міжнародных лідэраў была нэгатыўная. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан выказаў шкадаваньне з прычыны таго, што вайна пачалася без шырокай падтрымкі з боку міжнароднай супольнасьці:

(Анан: ) “Магчыма, калі б мы настойвалі трохі даўжэй, Ірак яшчэ мог бы быць разброены мірным шляхам, а калі не, дык сьвет калектыўна прыняў бы адпаведнае рашэньне, акцыя была б больш легітымная і карысталася б большай падтрымкай, чым цяпер”.

У часе сустрэчы лідэраў Эўразьвязу, прысьвечанай будучай гуманітарнай дапамозе Іраку, Костас Сіміціс, прэм’ер-міністар Грэцыі, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе заявіў:

(Сіміціс: ) “Цені вайны ахінаюць нашу сёньняшнюю сустрэчу. Хачу выказаць сваё глыбокае шкадаваньне з таго, што не ўдалося знайсьці мірнага вырашэшньня праблемы Іраку і зараз мы знаходзімся ў стане вайны”.

У асноўным нэгатыўная была рэакцыя і сталых сябраў Рады Бясьпекі ААН: Расеі, Францыі і Кітаю. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў:

(Пуцін: ) “Ваенная апэрацыя супраць Іраку – гэта вялікая палітычная памылка”.

Пуцін заклікаў неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні ў Іраку. На ягоную думку, гэтая ваенная акцыя была распачатая насуперак міжнароднаму праву і яе немагчыма нічым апраўдаць.

На факт, што ваенная апэрацыя супраць Багдаду была распачатая Злучанымі Штатамі ў аднабаковым парадку, зьвярнуў увагу прэзыдэнт Францыі Жак Шырак.

(Шырак: ) “Францыя шкадуе, што акцыя была распачатая бяз санкцыі ААН. Я спадзяюся, што яна будзе кароткай, не спрычыніць вялікіх шкодаў і не прывядзе да гуманітарнай катастрофы”.

Жак Шырак перасьцярог, што, незалежна ад усяго, гэтая вайна будзе мець вельмі сур’ёзныя наступствы, і што Францыя, верная сваім прынцыпам, будзе імкнуцца зьмякчыць нэгатыўныя вынікі гэтага канфлікту ў рамках ААН.

Падобную думку выказаў на брыфінгу ў Пэкіне прадстаўнік міністэрства замежных справаў Кітаю Конг Кван:

(Кван: ) “Атака на Ірак адбылася, незважаючы на супраціў большасьці краінаў і народаў сьвету. Яна праводзіцца ў абыход Рады Бясьпекі ААН і ёсьць парушэньнем ейнай Хартыі і асноўных нормаў міжнароднага права. Мы выказваем нашую глыбокую занепакоенасьць, рашуча заклікаем спыніць ваенную апэрацыю і вярнуцца на шлях палітычнага ўрэгуляваньня праблемы Іраку ў рамках ААН”.

Багдад, што зразумела, прадстаўляе сябе як бязьвінную ахвяру і заклікае да арабскай салідарнасьці. У прыватнасьці, ірацкі пасол ў Маскве Абас Халаф абвінаваціў у тэрарызьме Злучаныя Штаты.

(Халаф: ) “Ірак катэгарычна супраць любога віду тэрактаў супраць цывільнага насельніцтва. Зараз Ірак стаў ахвяраю дзяржаўнага тэрарызму, у прыватнасьці, з боку Злучаных Штатаў”.

Насуперак заявам ЗША і Вялікабрытаніі аб тым, што яны ваююць не зь ірацкім народам, але з тыранам, прадстаўнікі Багдаду ўжо пачалі агучваць выпадкі ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва і разбурэньні цывільных аб’ектаў. Аб гэтым сёньня заявіў міністар інфармацыі Іраку Мухамад Саід-аль-Сагаф:

(Саід-аль-Сагаф: ) “Амэрыканскія сілы збамбавалі будынкі радыё і тэлебачаньня, будынкі мытных службаў, а таксама цывільныя аб’екты ў прыгарадх Багдаду”.

Што тычыцца астатніх арабскіх краінаў, дык яны ў асноўным захоўваюць маўчаньне. Генэральны сакратар Арабскай Лігі Амар Муса заявіў, што сёньня “ вельмі сумны дзень” для ўсіх арабаў. Міністар замежных справаў Алжыру Бэлькхадэм выказаў “глыбокае шкадаваньне” з прычыны пачатку вайны. Пазьней Ярданія выказала занепакоенасьць магчымымі наступствамі для ірацкага народу і рэгіёну. На думку прадстаўніка каірскага Цэнтру палітычных і стратэгічных дасьледваньняў Абу Талеба, астатнія краіны пакуль паўстрымліваюцца ад гучных заяваў:

(Талеб: ) “Многія арабскія краіны абралі тактыку “чакаць і сачыць”. Усе яны, магчыма, спадзяюцца, што ваенная апэрацыя хутка закончыцца. Паглядзім, што пазьней здарыцца ў галоўных арабскіх краінах у рэгіёне”.

Пазыцыя іншых краінаў, у прыватнасьці, сябраў Рады Бясьпекі ААН, амаль дакладна адпавядае той пазыцыі, якую яны занялі раней у дачыненьні да плянаў ЗША.

Як паведамляецца з Ватыкану, Папа Ян Павал ІІ “зь вялікім болем успрыняў навіну пра пачатак вайны”. Прадстаўнік Ватыкану Яахім Навара–Вальц заявіў, што Апостальскі Пасад, з аднаго боку, шкадуе, што Багдад не падпарадкаваўся рэзалюцыям ААН, не паслухаў самога Папы, а з другога боку, што быў змарнаваны шанец мірнай разьвязкі крызісу. Дарэчы, сёньня ў шэрагу краінаў сьвету – Аўстраліі, Грэцыі, Эгіпце, Італіі, Францыі, Партугаліі, Чэхіі – адбыліся шматлюдныя дэманстрацыі праціўнікаў вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG