Садам, чыё імя даслоўна азначае – “той, хто сутыкаецца ў бойцы” – стаў увасабленьнем Іраку.
Кіраваць краінай Садам Хусэйн пачаў у 1979 годзе. За гэты час Ірак правёў дзьве вайны, лідэр краіны перажыў некалькі замахаў і захаваў кантроль над Іракам. Хусэйн ваяваў зь Іранам ад 1980 да 1988 году. У вайне зь Іранам Хусэйн выкарыстоўваў хімічную зброю – пацярпелі ня толькі іранскія жаўнеры, але й жыхары Іраку. Усяго загінулі і сталі калекамі каля 1 мільёну чалавек з кожнага боку.
Варта адзначыць, што адна з прычынаў, чаму Іран не падтрымлівае ваеннай апэрацыі супраць Іраку – перасьцярога, што Хусэйн зноў будзе ўжываць хімічную зброю. Параза ў вайне зь Іранам не спыніла Хусэйна, і ў 1991 годзе быў акупаваны Кувэйт. Акупацыя цягнулася 7 месяцаў, і пасьля Садам ваяваў супраць кіраванай ЗША кааліцыі.
Садам згубіў кантроль над паўночнай часткай краіны – населенай курдамі, аднак ягоная ўлада, абапертая на клянах, службах бясьпекі, выглядае моцнай. Ірацкі прэзыдэнт “перажыў” сваіх ворагаў – іранскага лідэра Аятолу Хамэйні і Джорджа Буша, бацьку цяперашняга праціўніка Хусэйна. У 2002 годзе ў Іраку адбыўся рэфэрэндум, на якім, паводле афіцыйных зьвестак, Хусэйн атрымаў 100% падтрымкі.
Цікавая сама біяграфія ірацкага лідэра, якому ў гэтым годзе споўніцца 65 гадоў. Садам Хусэйн нарадзіўся 28 красавіка 1937 году – паводле афіцыйных зьвестак зь ягонай біяграфіі. Месца нараджэньня Хусэйна – невялікая вёска непадалёк ад беднага гораду Тыкрыт – гэта каля 150 кілямэтраў на поўнач ад Багдаду. Маладым чалавекам Садам далучыўся да партыіі Баас – нацыяналістычный арабскай партыі. Хусэйн браў удзел у замаху на ірацкага прэм’ера Абдэля Карыма Касэна ў 1958 годзе. Замах ня ўдаўся, і Хусэйн пакінуў Ірак. Садам вярнуўся ў Ірак, калі партыя Баас атрымала ўладу. У 1979 годзе Садам стаў прэзыдэнтам.
У Садама два сыны – Удай і Кусай. Першы ледзьве не загінуў у 1996 годзе ў часе замаху. Удай зараз кіруе нацыянальным алімпійскім камітэтам Іраку, а Кусай – адмысловым аддзелам бясьпекі, які ахоўвае прэзыдэнта. Кусай камандуе пятнаццацю тысячамі салдатаў, ляяльных да Садама. Нядаўна Хусэйн паставіў Кусая на чале важнай адміністратыўнай адзінкі Багдад-Тыкрыт, пасьля таго, як Ірак быў падзелены на 4 вайсковыя зоны напярэдадні вайсковай акцыі Злучаных Штатаў. Ад імя Ўдая каля месяцу таму было падпісанае пагадненьне з нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі, нават вялося пра прыезд Удая Хусэйна ў Беларусь у сярэдзіне сакавіка.
Увогуле, усе факты жыцьця Хусэйна ахоўваюцца ад публічнасьці. Закончыць аповед я б хацела цытатай карэспандэнта BBC Пола Рэйнальдза, які напісаў адмысловы артыкул пра Хусэйна: “Быць Садамам Хусэйнам – гэта значыць змагацца. Перамагчы ці зьнікнуць”.