Супрацоўніцтва з Інстытутам імя Ота Гуга дазволіла жыхарам рэгіёну з захворваньнямі шчытападобнай залозы атрымліваць лячэньне на ўзроўні міжнародных стандартаў.
За 10 гадоў сумеснай працы аказаная дапамога амаль 200 тысячам чалавек. Радыяцыйны ёд для лячэньня хворых на рак інстытут купляе ў Вялікабрытаніі. Паводле прызнаньня начальніка рэгіянальнай управы аховы здароўя Мікалая Крысенкі, дзелавыя стасункі з Інстытутам імя Ота Гуга зьберагаюць для мясцовага бюджэту 1 мільярд рублёў.
Супрацоўніцтва, аднак, можа парушыцца. На падставе загаду міністра аховы здароўя Людмілы Пастаялкі сёлета пры канцы году эндакрыналягічны спэцдыспансэр павінен пакінуць цяперашні будынак на вуліцы Жаркоўскага й перабрацца ў Навабеліцкі раён на акраіну гораду, дзе дабудоўваецца Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны.
Да такога рашэньня спрычыніўся і куратар гэтай будоўлі, старшыня дзяржкантролю Анатоль Тозік. Прапанаваная інстытутам імя Ота Гуга рэканструкцыя эндакрыналягічнага дыспансэру з прыцягненьнем 2,5 мільёна эўра заблякаваная. Кіраўнік інстытуту прафэсар Ленгфэльдэр заявіў:
(Ленгфэльдэр: ) “Гэтае расшырэньне дыспансэру нямецкі бок пагадзіўся прафінансаваць на 80%, а 20% — за мясцовымі ўладамі. Аднак старшыня Дзяржкантролю спадар Тозік ня выказаў жаданьня рэалізоўваць праект у такім выглядзе. Ён за тое, каб перавесьці дыспансэр у новы навукова-практычны цэнтар. Мы напісалі афіцыйны ліст кіраўніцтву гораду і выказалі дзевяць умоваў, пры выкананьні якіх пагадзіліся бы працаваць і надалей. Міністар аховы здароўя запэўніла, што ўсё будзе выканана. Мы б хацелі, каб выкананыя былі хаця бы два пункты”.
Гутарка ідзе пра пашырэньне плошчаў і захаваньне юрыдычнага статусу дыспансэру. У адваротным выпадку, на думку прафэсара, хворыя людзі са сваімі праблемамі застануцца на другім пляне. На першым будуць чыста навуковыя дасьледаваньні.
Да супрацоўнікаў дыспансэру дайшла інфармацыя, што цяперашні іх будынак улады хочуць аддаць пад казыно.