Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПРОСЬБУ АМБАСАДАЎ ЗША І ВЯЛІКАБРЫТАНІІ МІЛІЦЫЯ ЎЗМАЦНІЛА ІХ АХОВУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ахова дыпляматычных місіяў зьяўляецца справай сакрэтнай — у гэтым я пераканаўся, калі спрабаваў даведацца пра дакладныя захады ўзмацненньня аховы амбасадаў ЗША і Вялікабрытаніі.

Як ва ўпраўленьні аховы дыпляматычных місіяў пры Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі, гэтак і ў амбасадах адмовіліся ўдакладніць, што зроблена. Паведамілі толькі, што напярэдадні прадстаўнікі амбасадаў сустракаліся з начальнікам упраўленьня палкоўнікам Віктарам Сьвірыдэнкам, пасьля чаго ахова амбасадаў узмацнілася.

Каля амбасады Вялікабрытаніі ўдалося ўбачыць толькі адну міліцэйскую машыну і двух міліцыянтаў. Але яны не забаранялі мінакам праходзіць побач з амбасадай і заходзіць у будынак па справах. Больш сур’ёзныя захады бясьпекі ля амбасады ЗША. Уезд у квартал вуліцы Старавіленскай, дзе месьціцца дыпляматычная місія, з аднаго боку быў перагароджаны машынай ДАІ, з другога, ад вуліцы Камуністычнай, джыпам з жоўтым дыпляматычным нумарам. На скрыжаваньні дзяжурыць некалькі міліцыянтаў. Калі я да іх зьвярнуўся, яны праверылі мае дакумэнты і паведамілі, што пад вечар чакаюць пікетоўцаў.

“Учора дэпутаты Нацыянальнага сходу прыехалі разам са здымачнай групай БТ, пастаялі хвілін дзесяць і зьехалі. Магчыма, гэтак і сёньня будзе”, — распавёў міліцыянт. Сёньня ж днём да амбасады падыходзілі адзінкі.

(Юры: ) “Мы супраць вайны ў Іраку і ўвогуле супраць экспансіі ЗША ў Эўропе і ва ўсім сьвеце. Зараз тут зьбяруцца людзі, якія ўсё жыцьцё сваё выступаюць супраць Амэрыкі”, — сказаў адзін з пікетоўцаў амбасады ЗША ў Менску.

Ахоўнікі казалі, што загаду разганяць пікетоўцаў яны не атрымлівалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG