Навіна пра паветраныя ўдары і ракетныя ўдары па камандных структурах, накіраваныя на месцы меркаванага знаходжаньня Садама Хусэйна і найвышэйшага кіраўніцтва ля Багдаду, фактычна стала нечаканасьцю для вайскоўцаў. Яны чакалі нашмат мацнейшы паветраны ўдар у першай хвалі атакаў, чымся тое, што мы бачылі мінулай ноччу. Цяпер войскі знаходзяцца ў стане боегатовасьці, чакаюць, што адбудзецца ўвечары, ці будзе ўзмацненьне паветранай атакі.
Раней у заходнім друку шырока паведамлялася, што паветраныя ўдары працягнуцца 48 ці 72 гадзіны перад пачаткам наземнай апэрацыі, але камандаваньне гаворыць, што наземная вайна можа пачацца ў любы момант. Адна ірацкая ракета “Скад” была перахопленая супрацьракетнай сыстэмай “Патрыёт” якраз тут, дзе месьціцца Трэцяя пяхотная дывізія.
Я гаварыў з салдатамі, іх рэакцыя такая: “Ну давайце. Мы гатовыя прыняць усё, што вы супраць нас запусьціце”.
Неўзабаве пасьля перахопу ракеты я пабачыў актыўны рух тэхнікі, у тым ліку пачаліся перамяшчэньні корпусу марской пяхоты. Нягледзячы на атаку “Скадам”, меры бясьпекі супраць хімічнай альбо біялягічнай атакі не былі падвышаныя. Паводле стандартых апэратыўных правілаў, калі ракетны ўдар наносіцца на тэрыторыі у радыюсе аднаго кілямэтра ад войскаў ЗША, усе войскі на ўсім тэатры дзеяньняў пераводзяцца у стан найвышэйшай гатовасьці. Гэта значыць, што яны апранаюць касьцюмы хімічнай абароны на сваю ўніформу – пальчаткі, маскі і гумавыя боты.
Вайскоўцы Трэцяй пяхотнай дывізіі знаходзяцца ў стане вайны ад моманту, калі а чацьвертай раніцы паводле мясцовага часу скончыўся тэрмін ультыматуму, у якім прэзыдэнт Буш абвесьціў патрабаваньне да Садама і ягоных сыноў пакінуць краіну. У момант, калі скончыўся тэрмін ультыматыму, войскі Трэцяй пяхотнай дывізіі былі на маршы, выходзілі на пазыцыю атакі ля дэмілітарызаванай зоны, адкуль літаральна вокам кінуць да ірацкай мяжы.
У шэраговых вайскоўцаў шмат злосьці на багдадзкі рэжым. Яны лічаць, што адмова Садама Хусэйна выканаць свае забавязаньні ў справе раззбраеньня паводле рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, зьяўляецца прычынай, чаму яны правялі тут так шмат часу. Вайскоўцы тут насамрэч перакананыя, што Хусэйн хавае хімічную зброю. Больш за ўсё яны баяцца стаць мішэньню для хімічнай атакі. Страх выкліканы менавіта чыньнікам невядомасьці. Яны ня толькі ня ведаюць, здарыцца гэта ці не, але, як сказаў мне адзін салдат: калі ірацкі салдат ідзе на яго са зброяй, ён ведае, што можа выстраліць і забіць яго, але хімічную атаку папросту нельга пабачыць.