Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎЦЫ АДСТАЯЛІ ЦЭНТРАЛЬНУЮ ГАРАДЗКУЮ БІБЛІЯТЭКУ ІМЯ КАРЛА МАРКСА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Супраць прапановы ўладаў Магілёва аб расфармаваньні цэнтральнай гарадзкой бібліятэкі імя Карла Маркса і продажу яе памяшканьня на карысьць разьвіцьця бібліятэчнай сеткі выступілі разам супрацоўнікі бібліятэкі, уся магілёўская прэса і чытачы. На працягу некалькіх дзён у межых стыхійнай акцыі “Захаваем бібліятэку разам!” свае подпісы пад пратэстам супраць закрыцьця бібліятэкі паставілі больш за тысячу магілёўцаў.

Улады ўлічылі вялікі рэзананс вакол гэтай падзеі, і сёньня кіраўнік абласной управы культуры Міхаіл Дарашкоў паведаміў, што кіраўніцтва Магілёўскай вобласьці, як і Міністэрства культуры, не падтрымалі прапанову ўладаў Магілёва, а таму бібліятэка застанецца на ранейшым месцы без усякіх дадатковых умоваў. Гаворыць дырэктарка бібліятэкі Галіна Клепча:

(Клепча: ) “Было сказана, што бібліятэка — гэта набытак народу і яна павінна заставацца на тым жа месцы, і што ў бібліятэку неабходна ўкладаць сродкі для яе разьвіцьця”.

Галіна Клепча ўпэўненая, што і бяз продажу прывабных для прадпрымальнікаў памяшканьняў сфэры культуры ў цэнтры Магілёва, грошы на разьвіцьцё бібліятэкаў і іх кампутарызацыю ў гораду знойдуцца, калі на гэта будзе жаданьне.

Галіна Клепча і яе калегі гавораць, што прыклад адстойваньня бібліятэкі павінен пераканаць усіх, што народ можа шмат чаго дамагчыся.

(Клепча: ) “Толькі разам, калі пастаўленая мэта й калі народ бачыць, што гэта неабходна. І перамога можа быць. Яна ўжо ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG