Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗГЛЯД КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ АКСАНЫ НОВІКАВАЙ ПЕРАНЕСЕНЫ


Любоў Лунёва, Менск

Аксана Новікава абвінавачваецца ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку і ягонае атачэньне. Нагодай для крымінальнай справы сталі ўлёткі, якія Аксана 17 кастрычніка раздавала мінакам на Кастрычніцкім пляцы. Улёткі былі зробленыя кшталту міліцэйскіх абвестак пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі быў надрукаваны пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія, на думку аўтараў, ён парушыў.

На першае паседжаньне суду, прызначанае на 20 сакавіка, Аксана не прыйшла з-за хваробы яе дачкі. Судзьдзя Валеры Есьман выступіў з пагрозай зьмяніць меру стрыманьня на арышт. Сьведкам у судзе быў дзядзька Аксаны Канстанцін Міронаў. Ён меў размову з судзьдзём.

(Міронаў: ) “Ён паведаміў, што калі яна ня зьявіцца ў суд, то ён зьменіць меру ўстрыманьня, а я тады буду даглядаць яе дачку месяцы два да суду. Я яму адказаў, што гэта будзе на ягоным сумленьні. Па тым, як ён казаў Аксане па тэлефоне, каб яна ўсё кінула і прыяжджала ў суд, нават з хворым дзіцём, я мяркую, што да Аксаны судзьдзя Есьман ставіцца перадузята”.

Суд перанесены на 3 красавіка. Аксане Новікавай пагражае пазбаўленьне волі ад 1 да 5 гадоў, альбо абмежаваньне волі на гэты ж тэрмін, так званая “хімія”.
XS
SM
MD
LG