Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПРА ІРАК ПАКУЛЬ МАЎЧЫЦЬ


Юры Сьвірко, Менск

Першым на пачатак вайны ў Іраку адрэагавала Міністэрства замежных справаў, прэсавы сакратар якога Андрэй Савіных адкрыў чарговы брыфінг адмысловай заявай МЗС:

(Савіных: ) “Рэспубліка Беларусь выказвае глыбокую занепакоенасьць у зьвязку з пачаткам Злучанымі Штатамі Амэрыкі й Вялікай Брытаніяй ваеннай апэрацыі супраць Іраку. Прымяненьне ўзброенай сілы супраць сувэрэннай дзяржавы бяз санкцыі Рады Бясьпекі ААН парушае асноватворныя прынцыпы Статуту ААН і міжнароднага права.

Гэтыя дзеяньні ігнаруць думку бальшыні міжнароднай супольнасьці, наносяць шкоду адпаведнай сыстэме міжнародных стасункаў і рэзка абвастраюць абстаноўку ў Пэрсідзкай затоцы й блізкаўсходнім рэгіёне. Рэспубліка Беларусь выступае за найхутчэйшае спыненьне ваенных дзеяньняў і вырашэньне ірацкага пытаньня выключна ў рамках статутных паўнамоцтваў Рады Бясьпекі ААН, на якую ўскладаецца галоўная адказнасьць за падтрыманьне міжнароднага міру й бясьпекі”.

Андрэй Савіных, адказваючы на пытаньні, заявіў, што афіцыйны Менск разглядае мажлівасьць аказаньня Іраку гуманітарнай дапамогі. “Натуральна, што рашэньне будзе прынятае ў сьвятле рэальных магчымасьцяў Рэспублікі Беларусь для аказаньня такой дапамогі”, — дадаў прэсавы сакратар беларускага МЗС.

Праз гадзіну пасьля гэтага брыфінгу на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды 60-годзьдзя трагедыі Хатыні намесьнік міністра культуры Беларусі Валеры Гедройц з уласнай ініцыятывы заявіў:

(Гедройц: ) “Мы спачуваем людзям, якія, напэўна, трапяць пад варожыя бомбы. І, напэўна, у гэтай вайне праявілася слабасьць магутнай дзяржавы сусьвету — Злучаных Штатаў Амэрыкі — у тым, што яны не змаглі ні дыпляматычнымі сродкамі, ні эканамічнымі, ні палітычнымі вырашыць тыя праблемы, якія існуюць у гэтым рэгіёне.

Спадар Гедройц не параўноўваў наўпрост Хатынь з Іракам — гэта зрабіў Сяргей Касьцян, намесьнік старшыні Камісіі міжнародных справаў Палаты прадстаўнікоў, які назваў дзеяньні ЗША “фашыстоўскай агрэсіяй”. Паводле спадара Касьцяна, вайна вядзецца не за дэмакратыю, а за ірацкую нафту. Ён таксама абвінаваціў расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў “двурушніцкай пазыцыі” наконт Іраку, бо Пуцін, цытую Касьцяна, “выказаў шкадаваньне, але не асудзіў ваенных дзеяньняў”.

Аляксандар Лукашэнка пакуль не выказваўся пра пачатак вайны ў Іраку, магчыма, што ён зробіць гэта заўтра. Ягоная прэсавая служба дала распараджэньне сабраць у пятніцу а 9-й раніцы прадстаўнікоў расейскіх тэлеканалаў ды інфармагенцтваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG