“Польскае прэсавае агенцтва” і інфармацыйны сэрвіс парталу “Wirtualna Polska” зьмяшчаюць матэрыял з назовам “Лукашэнка прадбачыць паразу ўрадаў ЗША і Вялікай Брытаніі”, у якім распавядаецца пра ўдзел беларускага кіраўніка ў наўпроставай тэлефоннай лініі і ўчорашні паказ запісу гэтай лініі ў БТ.
Польскія мэдыі цытуюць словы беларускага лідэра, які прадбачыць падзеньне ўрадаў галоўных праціўнікаў Іраку пасьля таго, як у гэтыя краіны прыйдуць першыя труны з іхнымі жаўнэрамі.
У матэрыялах таксама зьвяртаецца ўвага на тое, што Лукашэнка вінаваціць у цяперашняй сытуацыі вакол Іраку і тыя краіны, што не падтрымливалі вайсковыя дзеяньні супраць Багдаду. Паводле беларускага кіраўніка, гэтыя краіны не павінны былі прынцыпова пярэчыць вайне, а ўжыць “тактыку мягкай дыпляматыі”. Як адзначаецца ў адным з камэнтароў, тое, што да “мягкай” дыпляматыі заклікае менавіта Лукашэнка, вельмі дзіўна, бо сам ён ніколі не вылучаўся здольнасьцямі да такой дыпляматыі.
Сёньняшнія польскія газэты распавядаюць таксама і пра адкрыты ліст вядомага беларускага палітыка Юрыя Хадыкі да прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Мэдыі зьвяртаюць увагу на словы спадара Хадыкі аб тым, што беларусы як мала хто ў сьвеце разумеюць неабходнасьць змаганьня з дыктатарскімі рэжымамі.