Па выніках выбараў Гомельшчына сталася адным з рэгіёнаў, дзе апазыцыя амаль не заваявала дэпутацкіх мандатаў. Таму асаблівую ўвагу выклікаюць тыя дэмакраты, што ўсё ж здолелі прабіцца ў “блізкую ўладу”. Сярод іх лідэр абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, выкладчык Мазырскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Леанід Арлоў. На першай сэсіі ён хоча прапанаваць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні гарсавету. Нашаму карэспандэнту Казімеру Яноўскаму спадар Арлоў распавёў, што шмат хто адгаворвае яго ад такога кроку — маўляў, бессэнсоўна, пустая трата нэрвовых клетак... Аднак у дэпутата свая лёгіка:
(Казімер Яноўскі: ) “Кандыдатамі ў дэпутаты Мазырскага гарсавету вылучыліся шасьцёра прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, але дамогся дэпутацкага мандату толькі лідэр абласной арганізацыі Леанід Арлоў. Нягледзячы на такую акалічнасьць, дэпутат Арлоў прапануе сваю кандыдатуру на пасаду старшыні гарсавету. З прынцыпу: і адзін у полі ваяр!”
(Арлоў: ) “У гэтым сэнс палітычнай дзейнасьці. Для чаго ж я ішоў у гарадзкі савет?! Незалежна ад таго, колькі чалавек прабіліся, трэба ўносіць свае прапановы”.
Спадар Арлоў разьлічвае на незаангажаваных выбарцаў, здольных разважаць і прымаць самастойныя рашэньні. Тым больш, што разам са сваім вылучэньнем на пасаду старшыні, дэпутат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі прапануе і некалькі сваіх адмысловых падыходаў да дзейнасьці савету.
(Арлоў: ) “Савет павінен быць больш цесна зьвязаным з народам, што яго абраў. На жаль, пасьля выбараў людзі забываюццца, хто ў іх дэпутат. Ніякай дзейнасьці не вядзецца. А калі так, то і адпаведнае месца ён займае — прыдатак выканаўчай ўлады”.
У Мазыры, на думку дэпутата Арлова, шмат гаспадарчых ды іншых праблемаў, якія патрабуюць увагі савету. Але пачынаць трэба зь іншага.
(Арлоў: ) “Па-першае, арганізаваць працу самога савету, каб усё такі дэпутаты не забывалі, хто іх абраў, хто даў ім мандат. Дэпутаты таксама, як працавалі падчас выбарчай кампаніі, павінны працягваць працаваць і пасьля яе. Яны самі павінны артыкуляваць інтарэсы тых, хто іх абраў, замацоўваць у рашэньнях і дабівацца выкананьня. Выканаўчы камітэт існуе пры гарадзкім савеце, і чыноўнікі, якія там працуюць і атрымліваюць заробак, — слугі народу. Пра гэта трэба заўжды напамінаць”.
Думку героя рэпартажу Казімера Яноўскага пра неабходнасьць грамадзянскай актыўнасьці новых дэпутатаў падзяляюць і асобныя суразмоўцы нашага магілёўскага карэспандэнта Марыі Ўсьціновіч. Хоць у абласным савеце дэмакратаў практычна няма, але й тут мяркуюць, што ён ня стане безгалосным мэханізмам па штампоўцы вышэй прынятых рашэньняў.
(Марыя Ўсьціновіч: ) “Анатоль Жыгалаў, генэральны дырэктар “Прамысловай лізынгавай кампаніі”, мае намер прадстаўляць у абласным савеце інтарэсы прадпрымальнікаў рэгіёну. Ён стаў дэпутатам першы раз і гаворыць, што пайсьці на гэты крок яго прымусілі асабістыя ўражаньні ад удзелу ў сэсіях аблсавету папярэдняга скліканьня.
(Жыгалаў: ) “Чаму? Людзі неяк інэртна сябе паводзілі, не адстойвалі інтарэсы сваіх структураў. Нават не лабіявалі інтарэсы сваіх праслоек”.
Анатоль Жыгалаў лічыць, што самае страшнае для дэпутацкіх абраньнікаў — абыякавасьць й інэртнасьць. У гэтым сэнсе новы абласны савет падаўся прадпрымальніку больш прагрэсіўным.
(Жыгалаў: ) “Людзі, якія сабраліся там, мне так падалося першым разам могуць адстойваць свае інтарэсы. Я не магу сказаць, якія гэта будуць інтарэсы — палітычныя, партыйныя або ўнутрыструктурныя. Аднак гэта людзі, якія могуць выказваць сваё меркаваньне і не баяцца гэтага, што таксама немалаважна”.
Нягледзячы на тое, што ў абласным савеце няма прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, а многія дэпутаты залежаць ад вэртыкалі ў сваёй асноўнай працы, Анатоль Жыгалаў спадзяецца: савет ня будзе ўсё ж кішэнным органам, а пачне рухацца наперад. Няхай і не рэвалюцыйнымі, канечне, а эвалюцыйнымі шляхамі.
(Жыгалаў: ) “100-адсоткава ня можа ніводны дэпутацкі савет вырашаць усе пытаньні “за”. Тады ён небаяздольны. Тады людзі не разумеюць, што там і як вырашаецца, яны ідуць па накатанаму, пад нечыю дуду скачуць”.
Дэпутаты аблсавету на сваёй першай сэсіі выявілі якраз адзінства думак — уздымалі мандаты адзінагалосна. Ніводнага пярэчаньня ня выклікаў у народных абраньнікаў і праект рашэньня, згодна зь якім усталяваны падатак на розьнічны продаж паліва. Цяпер яно стала даражэйшае для аўтааматараў на 10%.
Паводле ідэі, грошы павінны пайсьці ў абласны бюджэт на падтрымку аховы здароўя і разьвіцьцё спорту. Усе дэпутаты палічылі справядлівым падаражэньне бэнзыну, бо, на іх думку, аўтамабілямі карыстаюцца толькі забясьпечанныя людзі. Альтэрнатыўных меркаваньняў выказана не было.
Разам з тым, дэпутаты аблсавету вырашылі ўмацоўваць свае сувязі з выбарцамі. Паводле апытаньняў, 75% жыхароў Магілёўскай вобласьці ня ведаюць імёнаў і прозьвішчаў сваіх абраньнікаў. Гэта самы дрэнны паказчык у Беларусі”.
Партыя БНФ на нядаўнім Сойме выступіла з ініцыятывай скліканьня Канвэнту прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, абраных у “блізкую ўладу”. Наш карэспандэнт Міхал Стэльмак высьвятляе стаўленьне да гэтай ідэі як дэпутатаў-“фронтаўцаў”, так і прадстаўнікой дэпутацкага корпусу ад іншых дэмакратычных партыяў.
(Міхал Стэльмак: ) “Паводле лідэраў Партыі БНФ, ідэя скліканьня Канвэнту — непарлямэнцкага сходу дэпутатаў мясцовых саветаў — запазычаная зь міжнароднага досьведу. Як паведаміў нашаму радыё прадстаўнік БНФ, новаабраны дэпутат Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў Юрась Зянковіч, у шэрагу заходнеэўрапейскіх дзяржаваў існуюць асацыяцыі органаў мясцовага самакіраваньня.
(Зянковіч: ) “Але, на жаль, адзін да аднаго мы ня можам скапіяваць заходні прыклад, бо наша заканадаўства не дазваляе стварэньня асацыяцыяў органаў мясцовага самакіраваньня. Тым ня менш, лічым — асацыяцыя дэпутатаў мясцовых саветаў магла б стаць у пэўным сэнсе легітымным прадстаўнічым органам. Ён прадстаўнічы ня столькі ў тым, што можа выконваць функцыі парлямэнту, але гэта асацыяцыя людзей, якія, нягледзячы на даволі жорсткія ўмовы, у якіх праходзіла выбарчая кампанія, могуць пахваліцца тым, што за імі стаіць рэальная падтрымка выбарцаў. І менавіта з гэтай мэтай было ініцыявана скліканьне Канвэнту дэпутатаў мясцовых саветаў”.
Вось што зазначыў сябар партыі камуністаў-“калякінцаў”, дэпутат Маркаўскага сельсавету Маладэчанскага раёну Васіль Бычок:
(Бычок: ) “Ідэя, магчыма, і нядрэнная. Таму што мы ўсе людзі й мусім знаходзіць агульную мову. Узяць хаця б пытаньне правядзеньня выбараў. Я, напрыклад, лічу, што яны мусяць быць сапраўды свабоднымі й дэмакратычнымі, кожны грамадзянін мусіць выказваць сваю думку без цэнзуры. І, безумоўна, павінна выконвацца выбарчае заканадаўства, нават тое, якое існуе. Я, напрыклад, катэгарычна супраць датэрміновага галасаваньня”.
А зараз меркаваньне наконт ідэі скліканьня Канвэнту сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, дэпутата Сьвіслацкага пасялковага савету Пухавіцкага раёну Алега Чыжа:
(Чыж: ) “Трэба, каб дэмакратычныя сілы аб’ядналіся. Бо разам нешта, можа, і зробім для пераменаў у нашым жыцьці. Парлямэанцкія выбары ў наступным годзе. Трэба ўжо цяпер рыхтавацца да іх”.
Дэмакратычныя дэпутаты заклапочаныя сёньня ня толькі палітычнымі пэрспэктывамі, але й надзённымі клопатамі сваіх выбарцаў. Наш карэспандэнт Вінцэсь Мудроў сустрэўся зь сябром БНФ — дэпутатам Ветрынскага пасялковага савету, што ў Полацкім раёне, Віталем Шалаевым.
(Вінцэсь Мудроў: ) “На пытаньне: чаго ён будзе дамагацца ў савеце, дэпутат паведаміў: найперш яго хвалюе завядзёнка, калі такім мястэчкам, як Ветрына, нічога не перападае зь бюджэту, і грошай няма на самыя пільныя патрэбы. На думку спадара Шалаева, многія праблемы можна вырашыць бяз значных капіталаўкладаньняў, нават высілкам саміх жыхароў. Іх толькі трэба арганізаваць і натхніць. А гэтым якраз і мусяць заняцца дэпутаты. Сам інтэрнат месьціцца ня ў Ветрыне, а ў вёсцы Быкаўшчына. І там таксама процьма працы для дэпутата”.
(Шалаеў: ) “Я ўпершыню абраны дэпутатам пасялковага савету і галоўную задачу сваю бачу ў тым, каб нейкім чынам дапамагчы людзям жыць. У нас ёсьць шмат пытаньняў, якія тычыцца побыту людзей. Гэта такія пытаньні, як капаньне грамадзкай студні, добраўпарадкаваньне могілак, пытаньні мэдычнага абслугоўваньня насельніцтва, зьмена раскладу руху аўтобусаў і шмат іншых, якія, мяркую, будуць вырашацца на працягу маёй дэпутацкай дзейнасьці”.
А зараз — “Старонкі зь дзёньніка” барысаўца Сяржука Салаша, які працягвае сваю выбарчую кампанію. На што ён спадзяецца, якія мэты ставіць сабе сёньня, калі стала зразумела, што дазвол на паўторныя выбары па Пячанскай акрузе хутчэй за ўсё ня будзе атрыманы?
(Салаш: ) “Фактычна завяршэньне маёй кампаніі я пляную на пачатак красавіка. хутчэй за ўсё 3 красавіка — у Дзень аховы здароўя. Я вельмі хацеў, каб гарадзкія ўлады, абраныя дэпутаты адказалі жыхарам маёй акругі — акругі, дзе дэпутат ня быў абраны — што адбываецца. Якая сытуацыя вакол амбуляторыі? Стаіць пытаньне па закрыцьці гэтае амбуляторыі. Для пячанцаў гэта абсалютна непрымальны варыянт. Прынамсі, мінімум чалавек 500 павінны прыйсьці.
Мне здавалася, я і да мінулай выбарчай кампаніі зрабіў шмат. Але зараз думаю, што за гэтыя тры месяцы зрабіў больш, чым за апошнія 5–6 гадоў. Я адчуў, што як нанова нарадзіўся, і буду працаваць далей.
Хачу пажадаць слухачам Радыё Свабода ў будучым на парлямэнцкіх выбарах адстойваць тых кандыдатаў, якія вам спадабаліся. Бо людзі, што ідуць ад дэмакратычнай плятформы, сапраўды жадаюць вам дапамагчы.
Вельмі раскрываць свае пляны і мэты ня хочацца: у мяне зараз шмат апанэнтаў сярод гарадзкой улады. Таму раскрываць цалкам карты не хачу. Адно заўважу: буду працаваць. Што датычыць наступных выбараў — пабачым”.