Мы цяпер знаходзімся ў вельмі цікавым гістарычным моманце. Прычынаў гэтаму некалькі.
Найперш трэба даць тлумачэньне паводзінам Францыі й Расеі. Эканамічныя інтарэсы гэтых краінаў у Іраку заўсёды былі істотныя, і Ірак гэтым карыстаўся. Напрыклад, Ірак пабудаваў у сябе з дапамогай Францыі, праз францускія кантракты, ядзерную электрастанцыю. Гэта вельмі цікавы праект для краіны, якая займае другое месца ў сьвеце паводле здабычы нафты. У іх не хапала электрычнасьці ці ўсё ж такі гэтая электрастанцыя будавалася зь нейкімі іншымі мэтамі? Але гэта велізарныя кантракты. Тое самае і з Расеяй.
Але гэта толькі тактычныя аспэкты гэтай “паўізаляцыянісцкай” сытуацыі, у якой зараз апынуліся Злучаныя Штаты. Асноўная прычыны – гэта зьмена ва ўсім сьвеце. Да зусім нядаўняга, паводле гістарычных меркаў, часу – усяго 10 гадоў таму – існаваў вельмі выразны двухпалярны сьвет. Гэта вызначала шмат якія рэакцыі ў сьвеце.
Напрыклад, у 1960-я гады ў Эўропе і ў Злучаных Штатах таксама былі пратэсты супраць амэрыканскай палітыкі ва Віетнаме. Але ў тыя ж самыя гады, у 1968 годзе, было і ўварваньне савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну. І ў гэтай сувязі сымпатыі сьвету былі вельмі моцна збалянсаваныя.
Цяпер адбыліся істотныя зьмены – сьвет стаў аднапалярным. У 2004 годзе Злучаныя Штаты выдаткуюць на свой абарончы бюджэт больш, чым увесь астатні сьвет – 191 краіна разам. І гэта ўсяго 4% ад валавага нацыянальнага прадукту Злучаных Штатаў. У адсоткавым выражэньні гэта нават меней, чым трацілася падчас “Халоднай вайны”. Эканоміка ЗША сёньня роўная эканомікам Японіі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі разам узятым. Амэрыканцы складаюць усяго 5% насельніцтва сьвету, але яны даюць 43% усясьветнай эканамічнай прадукцыі.
Будучыня ў гэтым сэнсе таксама выглядае больш прывабнай для Злучаных Штатаў. Эўропа старэе, у Эўропе зьмяншаецца насельніцтва, а насельніцтва Злучаных Штатаў маладое, дынамічнае і ў гэтым сэнсе пазытыўныя тэндэнцыі будуць толькі нарастаць.
Усясьветная грамадзкая думка сутыкнулся з новай гістарычнай рэальнасьцю. Ад 16-га стагодзьдзя міжнародныя адносіны будаваліся на фармаваньні балянсаў. Меншыя, больш слабыя партнэры аб’ядноўваліся супраць моцных, каб ня даць ім магчымасьці занадта пашырыцца. Такія кааліцыі ўтвараліся, напрыклад, у 17-м стагодзьдзі супраць Габсбурскай імпэрыі, пры канцы 18-га і на пачатку 19-га стагодзьдзяў – супраць Францыі. У 20-м стагодзьдзі – супраць Нямеччыны і пазьней супраць Савецкага Саюзу.
Цяпер гэтая ідэя стварэньня балянсу відавочна адыходзіць у мінулае – занадта вялікая розьніца. Натуральна, паўстае пытаньне: ці не скарыстае такую сваю моц Амэрыка на шкоду іншым? Менавіта гэта ляжыць цяпер у аснове пытаньняў і трывогаў, якімі карыстаюцца, каб вывесьці людзей на дэманстрацыі супраць вайны.
Добры адказ тут дае гісторыя. Амэрыка ў мінулым стагодзьдзі ўдзельнічала ў некалькіх войнах. Удзел Амэрыкі ў першай усясьветнай вайне прывёў да пашырэньня дэмакратыі ў сьвеце. Удзел Амэрыкі ў другой усясьветнай вайне таксама прывёў да пашырэньня дэмакратыі і стабільнасьці. Удзел Амэрыкі ў “халоднай вайне” даў гэткі ж самы вынік.
Самыя апошнія ўдзелы ЗША ў ваенных дзеяньнях – гэта Гаіты, гэта Косава і, нарэшце, Афганістан. І паўсюль мы бачым адназначныя вынікі на карысьць дэмакратызацыі. Гэтыя вынікі трэба мець на ўвазе, калі казаць пра ізаляцыянісцкую, у пэўным сэнсе, сытуацыю, у якой знайшлі сябе Злучаныя Штаты Амэрыкі.