Тут вельмі простая залежнасьць. Унутрыпалітычная сытуацыя, канечне, найперш залежыць ад саміх беларусаў. Але ня толькі ад іх. Сытуацыя залежыць таксама ад зьнешняга сьвету – і эканамічна, і палітычна, і інфармацыйна.
Першае, што прыходзіць у галаву кожнаму звычайнаму чалавеку, які глядзіць на сяброўства паміж Менскам і Багдадам, гэта стары выраз: “Скажы мне, хто твой сябра, і я скажу табе, хто ты”. Нагадаю, што Садам Хусэйн знаходзіцца ва ўладзе ўжо больш за 25 гадоў. У 1986 годзе ахвярамі ягонай газавай атакі сталі 60 тысяч чалавек. Толькі ў адной зь вёсак загінулі пяць тысяч у выніку ўжываньня хімічнай зброі. Ён пачаў дзьве вайны. У вайне зь Іранам загінула каля аднаго мільёна іракцаў, і каля мільёну іранцаў загінулі, альбо сталі інвалідамі. Садам Хусэйн парушыў 16 рэзалюцыяў ААН і не скарыстаў апошнюю прапанову ўратавацца.
Сытуацыя абсалютная відавочная. Увесь гэты час, апошнія пяць месяцаў, калі ўсясьветная супольнасьць, Рада бясьпекі ААН дамагаліся раззбраеньня Іраку, афіцыйны Менск вельмі актыўна, нават дэманстратыўна падтрымліваў сувязі зь Іракам. Афіцыйныя ірацкія асобы адведвалі Менск – у тым ліку, тыя, хто ўваходзіць у найбліжэйшае атачэньне Садама Хусэйна. Яны ўваходзілі ў тую “сотню” людзей, якія павінны былі на працягу 48 гадзінаў дзеяньня амэрыканскага ультыматуму пакінуць Ірак, каб пазьбегнуць вайны. Не аднойчы ў вядомым сьпісе дзесяці найгоршых дыктатарў сьвету фігуравалі разам Садам Хусэйн і Аляксандар Лукашэнка.
Прыкладна месяц таму ў Вене я гаварыў з Крыстафэрам Сьмітам, сустаршынём Гельсынскай камісіі кангрэсу ЗША , старшынём камітэту Кангрэсу ў справах вэтэранаў. І я задаў яму тое самае пытаньне – што азначала б амэрыканская вайна зь Іракам для Беларусі? Ягоны адказ быў кароткі: “Гэта вельмі кепская навіна для Лукашэнкі”. Ён страціць ня толькі сябра. Справа ў тым, што адна з мэтаў гэтай кампаніі – тое, чым будуць займацца амэрыканскія адмыслоўцы ў Іраку, гэта пошукі зброі масавага зьнішчэньня, а таксама розных элемэнтаў зброі і тэхналёгіяў, якія даўно забароненыя для паставак у Ірак.
Вельмі шмат у незалежным друку – і эўрапейскім, і амэрыканскім, апошнія два гады пісалася пра тое, што Беларусь, якая ўваходзіць у дзясятку буйнейшых экспартэраў зброі ў сьвеце,. таксама вяла актыўны гандаль зь Іракам. І гэты гандаль ня быў празрыстым, бо ў Беларусі няма сыстэмы грамадскага кантролю, ці кантролю заканадаўцаў за дзеяньнямі выканаўчай улады. Чым гандлявалі? Што пастаўляллася ў Ірак? Пра некаторыя элемэнты мы ведаем. Ня так даўно вайсковы груз зь Беларусі быў перахоплены ў Лібане.
Гаворачы на гэтую тэму, варта згадаць яшчэ адзін момант. Наколькі вядома, апошнімі днямі ў Менску актыўна абмяркоўвалася магчымасць таго, што Садам Хусэйн можа абраць Беларусь у якасьці месца, куды ён выездзе разам са сваёй сям’ёй і найвышэйшымі чыноўнікамі са свайго бліжэйшага атачэньня. Гэтая фантастычная ідэя, што Аляксандар Лукашэнка зможа, нібыта, такім чынам стаць уратавальнікам сьвету ад вайны, абмяркоўвалася, у тым ліку, ягонай адміністрацыяй. І само гэтае абмеркаваньне сьведчыць, хіба, пра вельмі скажонае ўяўленьне пра сьвет. Гульня на розьніцы падыходаў Эўропы і Амэрыкі насамрэч не пакідае Аляксандру Лукашэнку ніякага месца для манэўру. Што тычыцца недэмакратычнага рэжыму ў Беларусі – тут ацэнкі і Бэрліну, і Парыжу, і Лёндану, і Вашынгтону даволі блізкія. Для такіх рэжымаў у сёньняшнім сьвеце – тым больш, у Эўропе – застаецца ўсё менш і менш месца.