Аглядальнікі выкладаюць тры верагодныя сцэнары вайсковых дзеяньняў, даючы ім свае кодавыя назвы. Гэта, па-першае, “сцэнар хуткіх стратаў”, па-другое, “сцэнар абароны Багдаду”, і трэці варыянт – “пакутніцкая місія”.
Па-першае, ёсьць верагоднасьць, што Садам Хусэйн паспрабуе спрычыніць амэрыканскім войскам як мага большыя страты, выкарыстаўшы звычайнае ўзбраеньне або хімічную і біялягічную зброю. Як піша газэта, цягам апошніх тыдняў буйная ракетная артылерыя і ўстаноўкі тыпу зямля-зямля ўжо былі перасунутыя на поўдзень Іраку. Амэрыканскія спэцыялісты мяркуюць, што падобная зброя не можа нанесьці значанай шкоды іх войску, якое мае адпаведныя абарончыя сродкі. З другога боку, нельга недаацэньваць небясьпеку ўжываньня хімічнай зброі ў пустыні, дзе яе воблакі будуць распаўсюджвацца хутка і бесьперашкодна. Яшчэ большыя асьцярогі выклікае магчымасьць адначасовага ўжываньня хімічная і біялягічнай зброі.
Садам можа стварыць для амэрыканскіх войскаў і іншыя перашкоды – напрыклад, адкрыць дамбы і затапіць частку тэрыторыі краіны, або падпаліць нафтавыя сьвідравіны.
Амэрыканцы пачнуць вайну хутчэй за ўсё не зь зямлі, а з паветра, як гэта ўжо адпрацавана. З базаў у Кувэйце і авіяносцаў, верагодна, падымуцца самалёты, якія зьнішчаць усе вайсковыя аб’екты і групоўкі войскаў.
Што можа Ірак проціпаставіць такому націску? Самае лягічнае – гэта раздрабленьне войскаў і маскваньне іх пад цывільныя аб’екты, што ўжо, паводле амэрыканскіх зьвестак, і робіцца. Войскі разьмяшчаюцца вакол гарадоў і вёсак, каб іх аддзелы было цяжэй распазнаць з паветра. Так, з паўночнага Іраку паступаюць зьвесткі, што ў некаторых гарадах вайскоўцы занялі пазыцыі на падстрэшках дамоў і загадваюць насельніцтву забясьпечваць іх харчаваньнем. Прадстаўнік курдзкай адміністрацыі таксама паведаміў, што, напрыклад, у горадзе Масул школы, мячэты і шпіталі ператвораныя ў склады ўзбраеньня.
Сам Хусэйн катэгарычна адмовіўся пакінуць краіну. Найбольш верагодна, што ён застанецца ў Багдадзе. Гэтае меркаваньне спэцыялістаў з Пэнтагону і Вашынгтону сёньня прыводзіць “Wall Street Journal”. Так, прадстаўнік Брукінскага інстытуту Кенэт Полак кажа, што Садам паспрабуе ператварыць Багдад у свайго роду Месапатамскі Сталінград. Спэцыялісты не выключаюць магчымасьці крывапралітнай бітвы за Багдад. З аднаго боку, у іракскага лідэра відавочна недастаткова сродкаў, каб спыніць амэрыканскі наступ і абараніць сталіцу. З другога боку, калі яны дасягнуць гэтай сталіцы, ён можа разьлічваць, што тэлекамэры сусьветных тэлеканалаў будуць працаваць на яго карысьць, бо кадры жахлівых разбурэньняў і мірных ахвяраў толькі ўзмоцняць антываенныя і антыамерыканскія настроі. Можна спадзявацца, што ірацкія салдаты, ўзброеныя гранатамётамі, будуць змагацца за кожны дом. Амэрыканскі палкоўнік Андэрсан прадказвае, што Садам паспрабуе абараняць не толькі аб’екты жыцьцязабесьпячэньня – такія як электра- і водастанцыі, але таксама тэлебачаньне і радыё, каб насельніцтва было інфармаваным, што ён трымае сытуацыю пад кантролем.
Даволі распаўсюджанае меркаваньне, што Садам можа разьлічваць на выкарыстаньне насельніцтва як жывога шчыта. Паводле некаторых крыніцаў, у Багдадзе было абвешчана – хто пакіне сваё жытло, пасьля вайны на яго можа не разьлічваць...
Калі пачынаюць падаць бомбы, людзі маюць звычку аб’ядноўвацца нават вакол самых брутальных дыктатараў. Ён можа быць і нягоднік, але ён наш нягоднік, – так тлумачыць гэты вядомы фэномэн вайсковы псыхоляг Чарльз Бачыні . Аднак, што да рэальных жывых шчытоў, то, на думку амэрыканцаў, іракцы могуць імі стаць не па сваёй волі. Садам можа павярнуць агонь на ўласны народ, можа быць зацікаўлены ў вялікіх цывільных ахвярах, з тым, каб потым абвінаціць амэрыканцаў. Амэрыканскія эскпэрты разьлічваюць і на тое, што насельніцтва Багдаду – а гэта сумесь шыітаў, сунітаў і курдаў – у такой абстаноўцы можа зрынуць урад сваімі рукамі. Паводле крыніцаў міністэрства абароны, ужо ёсьць выпадкі дэзэртырства з шэрагаў Рэспубліканскай гвардыі. Стратэгічныя пляны амэрыканцаў не выключаюць, што магутная бомбавая атака на працягу некалькіх дзён зможа пераканаць ірацкіх камандыраў у неабходнасьць або здацца, або павярнуць зброю супраць Хусэйна.
І нарэшце, трэці сцэнар, названы “пакутніцкай місіяй”. Аналітыкі не выключаюць самых непрадказальных крокаў Хусэйна. Ён можа паспрабаваць уцячы ад сваёй самай незваротнай паразы. Ён можа вырашыць загінуць, але расквітацца ў сваім апошнім спазьме з усімі сваімі ворагамі – курдамі , ірацкімі шыітамі або Кувэйтам. Дзеля гэтага ён можа падпаліць нафтавыя запасы або, дачакаўшыся, пакуль амэрыканцы ўвойдуць у Багдад, прымяніць хімічную ці біялягічную зброю. Урэшце, ён можа запусьціць некалькі яшчэ нязьнішчаных ці нязнойдзеных ракетаў Скад у бок Ізраілю, гэтым разам з хімічнай ці біялягічнай зброяй.