Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ ПАКІНУЎ ШТАБ-КВАТЭРУ БНФ, ДЗЕ МЕСЬЦІЎСЯ АД САМАГА ПАЧАТКУ СВАЙГО ЗАСНАВАНЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец арганізаваў сёньня прэсавую канфэрэнцыю ля сьценаў штаб-кватэры БНФ. Ён паведаміў, што адказны сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец забараніў праводзіць у офісе паседжаньне кіраўніцтва Маладога Фронту. Павал Севярынец распавядае:

(Севярынец: ) “Я прыходжу на маладафронтаўскую управу, а ўправа стаіць на вуліцы. Выставіў спадар Кавалец за тое, што Малады Фронт падтрымаў акцыю 23 сакавіка, а ня акцыю 25-га. “У чым справа? — пытаюся. — Мы тут зойдзем, правядзем паседжаньне, мы тут зьбіраемся”. — “Не, вы ня маеце права, управа прыняла такое рашэньне”. Я патэлефанаваў спадару Вінцуку, даведаўся, у чым справа. Ён кажа: “Ну, так непрыемна, што так атрымалася, можаце там патусавацца яшчэ крыху, але асноўныя пытаньні трэба вырашаць. А асноўныя пытаньні, гэта тое, што Малады Фронт не падпарадкоўваецца рашэньням партыі”.

Паводле лідэра маладафронтаўцаў, канфлікт паміж яго арганізацыяй і кіраўніцтвам БНФ працягваецца ўжо паўтара году. Паводле Севярынца, Вінцуку Вячорку ды іншым кіраўнікам не падабаецца тое, што маладафронтаўцы не падпарадкоўваюцца партыйнай дысцыпліне і дзейнічаюць аўтаномна.

Павал Севярынец сьцьвярджае, што Малады Фронт і ня мусіць ва ўсім падпарадкоўвацца партыйнаму кіраўніцтву, бо ад самага пачатку ёсьць самастойнай арганізацыяй, якая мае з БНФ партнэрскія стасункі. Толькі частка маладафронтаўцаў ёсьць сябрамі БНФ.

Лідэр Маладога Фронту гаворыць, што падставай для выдаленьня ягоных калегаў з партыйнага офісу стала тое, што маладафронтаўцы падтрымалі вулічную акцыю з нагоды 85-годзьдзя БНР, якая пройдзе ў Менску 23 сакавіка. Партыя ж БНФ будзе праводзіць сваё шэсьце з нагоды Дня незалежнасьці 25-га. Павал Севярынец заяўляе, што ягоныя прыхільнікі вернуцца ў партыйнае памяшканьне толькі пасьля таго, як сакратар управы БНФ спадар Кавалец будзе адпраўлены ў адстаўку.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка гаворыць, што ніякага рашэньня пра выдаленьне Маладога Фронту не прымалася, і ўся праблема ў паводзінах Паўла Севярынца. Паводле спадара Вячоркі, падрыхтоўкі да альтэрнатыўнай акцыі 23 сакавіка ў сядзібе сваёй партыі яны дапусьціць не маглі й не дапусьцяць.

А намесьніца старшыні БНФ Галіна Сямдзянава дадала:

(Сямдзянава: ) “Тыя сябры Маладога Фронту, якія ёсьць сябрамі партыі БНФ, павінны падпарадкоўвацца рашэньням партыі. Тое, што робіць Малады Фронт — гэта яго права. Рабіце, што хочаце! Але калі дзеяньні арганізацыі, якая знаходзіцца ў нашым памяшканьні, не супадае з рашэньнямі партыі, то мы ня хочам мець нічога агульнага з такой арганізацыяй”.

Лідэры БНФ не задаволеныя дзейнасьцю Паўла Севярынца, які не падпарадкоўваецца партыйным рашэньням. Вінцук Вячорка сказаў, што ніякія ўльтыматумы кіраўніка Маладога Фронту адносна адстаўкі адказнага сакратара ўправы БНФ разглядацца ня будуць. Лідэр БНФ гаворыць, што ў красавіку пытаньне ўзаемаадносінаў з Маладым Фронтам будзе разглядаць партыйны Сойм.

Павал Севярынец жа гаворыць, што ня будзе імкнуцца да чарговага расколу, а зробіць усё, каб нацыянальны рух быў кансалідаваным. Ён таксама паведаміў, што шэраг грамадзкіх арганізацыяў ужо прапанавалі свае памяшканьні для сходаў актывістаў Маладога Фронту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG