Выказваючы сваё стаўленьне да вайсковай апэрацыі ў Іраку, Аляксандар Лукашэнка сказаў літаральна наступнае: “Пасьля другой усясьветнай вайны гэта першы факт такой буйной цынічнай агрэсіі ў парушэньне нормаў міжнароднага права. Вы можаце сказаць: Югаславія. Але ў Югаславіі Рада Бясьпекі ААН прыняла рашэньне, і Расея тады прагаласавала за падтрымку амэрыканцаў. Тут – беспрэцэдэнтна”.
Насамрэч у 1999 годзе Рада Бясьпекі ААН не прымала ніякай рэзалюцыі ў падтрымку вайсковай апэрацыі ў Югаславіі, і нават не абмяркоўвала – і не ў апошнюю чаргу менавіта з прычыны пазыцыі Расеі, якая валодае правам вэта і выступіла тады супраць гэтай апэрацыі. Тагачасны прэм’ер Прымакоў у знак пратэсту нават разьвярнуў над Атлянтыкай свой авіяляйнэр і вярнуўся ў Маскву.