Няпраўдай назвала Алена Лявонава словы Віктара Шэймана пра тое, што ў сям’і Лявонавых нібыта ёсьць рахункі ў замежных банках, на якіх ляжаць некалькі мільёнаў даляраў, скрадзеных былым дырэктарам МТЗ Міхаілам Лявонавым. Паводле Алены Лявонавай, асабіста ў яе такіх рахункаў няма, гэтак сама як і ў яе дачок Вольгі й Алесі.
Нагадаем, некалькі месяцаў таму Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сьледчыя знайшлі 17 мільёнаў на рахунках Міхаіла Лявонава ў нямецкіх банках, аднак назвы гэтых банкаў не былі названыя. Сёньня ў інтэрвію газэце “Советская Белоруссия” генэральны пракурор Віктар Шэйман пашырыў кола тых, хто нібыта авалодаў скрадзенымі на МТЗ грашыма.
“Высокапрафэсійная арганізацыя працы паводле гэтай справы дазволіла знайсьці замежныя рахункі Лявонава, ягонай жонкі й дачок, на якія атрымана больш за 18 мільёнаў даляраў, якія нажытыя праз злачынства”, — паведамляе Віктар Шэйман. Далей ён сьцьвярджае, што большасьць гэтых рахункаў заблякаваная, і цяпер паводле іх вядзецца асобнае расьсьледаваньне.
Жонка Лявонава абвергла гэтыя зьвесткі й заявіла пра сваю ўпэўненасьць у невінаватасьці мужа. Паводле яе, “на яго зараз могуць навесіць што заўгодна, нават забойства”.
Алена Лявонава сьцьвярджае, што яна і яе дочкі ніколі не былі ў Нямеччыне, дзе ў іх нібыта ёсьць рахункі ў банках. Яна пра гэта казала сьледчаму пракуратуры Івану Бранчалю, які вядзе справу Лявонава. Больш пра замежныя рахункі ў яе ніхто не пытаўся, ніякіх абвінавачаньняў асабіста ёй ці яе дочкам не прад’яўлялі.
Алена Лявонава працуе на Менскім рамонтным заводзе інжынэрам, яе старэйшая дачка Вольга — бугальтарам на МТЗ, малодшая дачка Алеся — студэнтка. Былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў са студзеня 2002 году знаходзіцца пад вартай. Больш за два месяцы таму было абвешчана, што ягоная справа ўжо патрапіла ў суд, аднак па невядомых прычынах судзьдзі дагэтуль ня вызначыліся з пачаткам судовага працэсу.