Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА ПАЧАТКУ ВЕСНАВОЕ СЯЎБЫ ЗАСТАЕЦЦА ПРЫКЛАДНА ДВА ТЫДНІ


Натальля Раковіч, Менск

Падчас абмеркаваньня ўрадам у мінулы аўторак праблемаў падрыхтоўкі да сяўбы прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі заявіў, што такога фінансаваньня АПК з боку дзяржавы не было апошнія гадоў 15. Быццам бы сродкі выдаткоўваюцца своечасова і ў вялікім аб’ёме. Але міністар сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы скардзіўся, што калгасам і саўгасам не стае паліва і без таварнага крэдыту яны ніяк не абыдуцца. Усяго на сяўбу патрэбна 250 тысяч тон дызэльнага паліва і 71 тысяча тон аўтамабільнага бэнзыну, але авансам сельскай гаспадарцы дадуць хіба чвэрць гэтай колькасьці. Яна яшчэ не разьлічылася за ранейшыя таварныя крэдыты.

Аб’ём завінавачанасьці не разгалошваецца. Калі я патэлефанавала ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, там вельмі нэрвова адрэагавалі на гэтае пытаньне і адмовіліся даць статыстычную інфармацыю.

Хранічнае невяртаньне таварных крэдытаў для беларускага АПК — зьява звыклая. Штогод канцэрн “Белнафтахім” скардзіцца на тое, што калгасы і саўгасы не расплачваюцца за пастаўленае паліва, а таксама мінэральныя ўгнаеньні і штогод атрымлівае ад ураду загад крэдытаваць сельскую гаспадарку.

Сёлетняя сяўба выключэньнем ня будзе, лічыць экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук. Ён наогул ня бачыць ніякіх падставаў казаць пра тое, што беларуская сельская гаспрадарка гатовая да рэформаў, хоць ва ўрадзе нібыта хочуць пайсьці на зьмены і прымусіць калгасы працаваць самастойна. Да таго ж чыноўнікі не прыдумалі пакуль больш-менш яснай канцэпцыі рэформаў, таму захады ў справе ўратаваньня АПК атрымліваюцца хаатычнымі, лічыць спадар Раманчук.

(Раманчук: ) “Калі Ўкраіна, Расея, Польшча і Літва цяпер асноўнай праблемай сельскай гаспадаркі бачаць, як прадаць тое, што яны выпусьцілі, то Беларусь — гэта адзіная краіна, якая імкнецца болей выпусьціць”.

Пляны вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі на гэты год пацьвярджаюць словы экспэрта. Гэтак, плянуецца сабраць амаль шэсьць з паловай мільёнаў тон збожжа — гэта нават крыху вышэй за леташняе заданьне, хоць наўрад ці краіна мае такую патрэбу ва ўласным хлебе. На думку спадара Раманчука, урадавыя чыноўнікі, якія займаюцца распрацоўкай праграмаў разьвіцьця АПК, усё яшчэ думаюць катэгорыямі плянавай эканомікі, таму й баяцца рабіць рэзкія рухі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG