(Карэспандэнтка: ) “Працэс стварэньня Канстутыцыйнага Акту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі перайшоў у фінальную стадыю. Аднак, Беларусь і Расея як былі абсалютна рознымі дзяржавамі, так імі і застаюцца, як з пункту гледжаньня заканадаўчага, так і з пункту гледжаньня дзяржаўнага будаўніцтва. Ці магчымае існаваньне краіны, якая будзе заснаваная на прынцыпе “адная дзяржава – дзьве сыстэмы”?
(Селязьнёў: ) “Мы дамовіліся з нашымі беларускімі калегамі, што будзем набліжаць нашае заканадаўства ва ўсіх сфэрах. Гэтае пытаньне выключна важнае. Беларусь – гэта ўнітарная дзяржава, а мы – фэдэратыўная, але гэта не перашкаджае ствараць аднолькавыя законы, зьвязаныя з эканамічным разьвіцьцём, з падаткавай сыстэмай, з сацыяльнай палітыкай і гэтак далей. У Эўразьвязе ёсьць розныя дзяржавы – ёсьць і ўнітарныя, і канфэдэрацыі, і гэта не стварае перашкодаў. Нямеччына – нармальная моцная фэдэрацыя, дзе ёсьць мноства маленькіх унітарных дзяржаваў, але ніхто не спрачаецца. Таму я перакананы, што гэта – ня тыя перашкоды, праз якія нельга прайсьці”.
(Карэспандэнтка: ) “А ці перакананыя ў гэтым, на Вашую думку, і беларусы?”
(Селязьнёў: ) “Мы сёньня адчуваем па настроі як беларускіх уладаў, так і расейскіх, што пэрыяд спрэчак завяршаецца. І зараз перад намі стаіць задача – канструктыўна знайсьці шляхі вырашэньня гэтых пытаньняў. Мы іх шукаем. Я перакананы, што задачу перайсьці з 1 студзеня 2005 году на расейскі рубель, як на агульную валюту мы выканаем. Ужо амаль год расейскі рубель фактычна зьяўляецца валютай у нашым таваразвароце, а таваразварот – гэта галоўнае. Таваразварот зь Беларусьсю ў нас склаў 10 мільярдаў даляраў, а з Украінай, якая ў 5 разоў большая – 6 мільярдаў. Гэтыя лічбы кажуць на карысьць нашай інтэграцыі. Але з-пад бізуна нікога не прымусіш ўсё ўніфікаваць і наблізіць. Я казаў беларусам: “Не паўтарайце расейскіх памылак. Калі Вы сабраліся праводзіць прыватызацыю “па Чубайсу” – я вас прашу, не рабіце гэтага , Хрыстом-богам прашу – не рабіце!” Вось якіх памылак трэба пазьбегнуць”.
(Карэспандэнтка: ) “Вы ў суботу выступілі з прамовай перад дэлегатамі 1-га зьезду народаў Расеі і Беларусі і сказлі, што Канстутыцыйны акт саюзнай дзяржавы ўжо амаль гатовы, але ня ўсё ідзе гладка. А што менавіта “ня ідзе гладка”?
(Селязьнёў: ) “Напрыклад, пытаньні супольнай кампэтэнцыі. Гэтае пытаньне цяжка вырашаецца і ў Расеі, як у фэдэрацыі. У нас вядуцца спрэчкі, што такое прадметы супольнага кампэтэнцыі, дзе роля цэнтральнага ўраду, дзе наўпростае права суб’ектаў фэдэрацыі. Канечне, раз мы гаворым пра тое, што зьявіцца саюзная ўласнасьць, зьявяцца саюзныя законы, саюзныя міністэрствы – тут неабходна дакладна падзяліць функцыі Чаго мы ня хочам у нашым Канстутыцыйным акце? Мы ня хочам вайны законаў – законаў саюзнай дзяржавы і законаў нацыянальных – беларускага і расейскага. Мы ня хочам, каб нашая саюзная дзяржава пачала працаваць са спрэчак. Мы хочам яснасьці ў пытаньнях – дзе чыя функцыя і дзе чыя прэрагатыва. Таму гэтыя пытаньні мы пакінулі для кансультацыяў і ўзгадненьня прэзыдэнтамі. Мы гатовыя да таго, што Вышэйшы дзяржсавет разглядзіць наш праект і скажа канкрэтна, якія пытаньні яшчэ трэба дапрацаваць. І мы гатовыя гэтую працу правесьці цягам аднаго месяца, потым ізноў вынесьці ў вышэйшы Дзяржсавет, каб гэтае пытаньне выносілася на рэфэрэндум”.
(Карэспандэнтка: ) “А як адбываецца ўзгадненьне супярэчнасьцяў у адным з найбольш спрэчных для беларусаў пытаньняў – адзінага эмісійнага цэнтру?”
(Селязьнёў: ) “Я на гэтую тэму размаўляў з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, калі быў у Менску. Ён разумее, што мусіць быць створаны адзіны эмісійны цэнтар. Калі ў нас будзе адзіная валюта, мы гэты адзіны эмісійны цэнтар створым. Але ён сказаў, што ў беларусаў добрая генэтычная памяць. Усе памятаюць 1991-92 гады, калі ствараліся розныя валюты ў розных краінах. Расея сказала беларусам – браты, не сьпяшайцеся, мы ня будзем свой рубель выдумляць, давайце жыць разам у адной валютнай прасторы. А потым што зрабіла Расея? Прыдумала свой рубель, а ўсе рэшткі скінула ў Беларусь. І ў Беларусі настаў фінансавы каляпс. Сёньня мы мусім прасіць прабачэньня і казаць, што гэта не паўтарыцца”.
(Карэспандэнтка: ) “А на чым пабудаваная Вашая ўпэўненасьць, што гэта не паўтарыцца?”
(Селязьнёў: ) “Мы гаворым, што будзе абсалютна дакладна працаваць банкаўская рада. Трэба ясна вызначыць яе рэглямэнт і паўнамоцтвы, каб ніводнае рашэньне ў пытаньні эмісіі не было прынятае на шкоду ні адной зь дзяржаваў – ні Расеі, ні Беларусі. Паглядзіце, Эўразьвяз здолеў выпрацаваць у дачыненьні да эўра такія прынцыпы – і зараз ні адная дзяржава не сумняецца, што яе не падмануць. І нам зараз магчымасьць падману трэба абсалютна выключыць. І калі пры нармальным функцыяваньні банкаўскай рады будуць улічвацца інтарэсы кожнай з краінаў – нічога ня здарыцца. Але ясна іншае – ня можа быць у двух ці трох месцах цэнтар вытворчасьці валюты. Канечне, ён мусіць быць у адным месцы , і , канечне, ён мусіць быць у Расеі”.
(Карэспандэнтка: ) “Расея зараз рыхтуецца далучыцца да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Як будуць вырашацца пытаньні з унутранымі цэнамі? Калі Расея адмовіцца ад унутраных цэнаў на энэрганосьбіты – гэта будзе цяжкі ўдар па беларускай эканоміцы”.
(Селязьнёў: ) “Гэта адаб’ецца адразу, у першую чаргу, на расейскай эканоміцы. На кожным расейсікм грамадзяніне. І таму мы ня вельмі разумеем тых прадстаўнікоў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, якія нас прымушаюць уніфікаваць усё з Эўропай у галіне тарыфаў на энэрганосьбіты. Але мы ня можам зараз абваліць Расею тым, што правядзем уніфікацыю з Эўропай. Наш народ бедны, мы ня можам заплаціць такую цану. Калі наш урад на гэта пойдзе – адразу атрымае вотум недаверу. І я перакананы, што што мы атрымаем у гэтым падтрымку прэзыдэнта”.
(Карэспандэнтка: ) “Чаму Вы думаеце, што можаце давяраць у гэтай сытуацыі Лукашэнку? Хіба не падманваў ён Расею ўжо колькі разоў, як гэта было, напрыклад, з кампаніяй “Балтыка”?
(Селязьнёў: ) “Лукашэнку я разумею. Ён – вопытны палітык, ён не прадасьць затанна. Ён ставіць пытаньне абсалютна слушна: калі прыходзяць нашыя прадпрымальнікі, ён ім кажа: “Сябры мае, мы не прададзім затанна”.
(Карэспандэнтка: ) “Але гэта “не прададзім затанна” выліваецца ў грандыёзныя сумы...”
(Селязьнёў: ) “Так, такое бывае. З “Балтыкай” яны хацелі, каб яшчэ і лядовы палац пабудавалі ці нешта такое... Але тое ж самае адбываецца ў Маскве. Паспрабуйце ў Маскве атрымаць кавалак зямлі на будаўніцтва дома. Вам скажуць – памяняце камунікацыі ва ўсім раёне, рэстаўруйце суседнюю школу, аднавіце паліклініку. Таму беларусы проста вывучаюць расейскі вопыт. Канечне, гэта ёсьць адхіленьнем ад правілаў, але прынцып “не прадаць затанна” Лукашэнка вельмі добра засвоіў”.
(Карэспандэнтка: ) “Сёньняшняя палітыка Дзярждумы супадае з палітыкай прэзыдэнта, і гэта надае адносную стабільнасьць дзяржаве. Але ці ёсьць у Расеі на сёньняшні дзень тая база, якая гарантуе стабільнасьць палітыкі на гады? Што можа зьмяніцца пасьля восеньскіх парляманцкіх выбараў?”
(Селязьнёў: ) “У Расеі такая стабільнасьць ёсьць. Будучая Дзярждума таксама будзе шматпартыйнай, але ня будзе ў ёй ультралевых і ультраправых. Будуць цэнтрысцкія партыі. А гэта – фактар стабільнасьці”.