Самым буйным у рэгіёне быў Гомельскі медвыцьвярэзьнік. Сюды кожны год дастаўлялася звыш 10 тысячаў людзей нападпітку. Паводле словаў начальніка медвыцьвярэзьніка Васіля Шалудзькі, установа на 96% акупляла сябе за кошт штрафаў.
Зараз частка супрацоўнікаў выцьвярэзьніка занятая аховай грамадзкага парадку, іншыя – сьцерагуць будынак і выдаюць даведкі судам, пракуратуры, прадпрыемствам пра тых, хто пабываў тут у якасці пацыентаў.
Намесьнік начальніка абласной міліцэйскай управы Ўладзімер Каршакоў распавёў:
(Каршакоў: ) “Было рашэньне каардынацыйнай рады пры прэзыдэнце: мэдыцыне і міліцыі разабрацца зь медвыцьвярэзьнікамі. Усё з таго і пачалося. Аднак мэдыцына ня хоча займацца п’яніцамі. Іх зразумець можна. Але медвыцьвярэзьнікі – ці як іх яшчэ назваць – павінны быць мэдычнымі ўстановамі. За намі – ахова грамадзкага парадку. Прасьцей было б стварыць на базе выцьвярэзьніка пункт аказаньня дапамогі п’яным ад гарэлкі і наркотыкаў”.
Пакуль жа ў рэгіёне на падставе рашэньня аблвыканкаму выцьвярэзьнікі скасаваныя ў чатырох райцэнтрах – Буда-Кашалёве, Добрушы, Рагачове і Хойніках. Астатнія шэсьць – у тым ліку ў Рэчыцы, Мазыры, Сьветлагорску і Гомелі – знаходзяцца ў чаканьні.
П’яных жа міліцыя дастаўляе зараз у таксыкалягічныя аддзяленьні шпіталяў. Распавядае галоўны ўрач шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі Мікалай Кішко.
(Кішко: ) “Хачу вам сказаць, што 20-25 чалавек без мэдычных паказаньняў – п’яных, брудных, вашывых, якіх міліцыя штодня дастаўляе і складуе ў нас, – гэта не работа. Ня наша справа выконваць міліцэйскія функцыі. Чалавек без пашкоджаньняў ня скардзіцца. Чалавек напіўся, яму трэба паляжаць, аказаць такую маленькую паслугу”.
Міліцыя сапраўды прывозіць п’яных у шпіталі пачкамі, а грошай улады з бюджэту мэдычным установам не прыбавілі.
Праўдападобна, што ў хуткім часе 6 незачыненых медвыцьвярэзьнікаў зноў пачнуць прымаць людзей нападпітку – на ўмовах самаакупнасьці.