У сваім звароце да нацыі Буш заявіў, што былі вычарпаныя ўсе магчымасьці мірнага раззбраеньня рэжыму Садама Хусэйна і цяпер трэба гэта зрабіць сілай. Прадухіліць вайну – паводле амэрыканскага прэзыдэнта – можа сам Хусэйн, калі разам са сваім найбліжэйшым атачэньнем, ён дабрахаахвотна пакіне краіну.
(Буш: ) “Рада Бясьпекі ААН падвяла. У сувязі з гэтым мы бярэм справы ў свае рукі... Дзесяцігодзьдзі ашуканства і лютасьці наблізіліся да канца. Садам Хусэйн і ягоныя сыны мусяць пакінуць Ірак цягам 48 гадзінаў. Іхная адмова будзе азначаць ваенны канфлікт, пачатак якога будзе залежаць ад нас”.
Джордж Буш абвесьціў гэты ўльтыматум праз 10 гадзінаў пасьля таго, як ЗША, Велікабрытанія і Гішпанія вырашылі не выносіць на галасаваньне новую рэзалюцыю, якая б ня мела шанцаў быць прынятай, з прычыны пагрозы вэта з боку Расеі і Францыі. У выпадку вайны вайсковыя сілы ЗША падтрымаюць сілы Велікабрытаніі, Аўстраліі, Гішпаніі, а таксама невялікія дапаможныя кантынгенты з Польшчы, Чэхіі і Славаччыны.
Яшчэ ў панядзелак раніцай кіраўнік місіі ААН ў Іраку Ганс Блікс гаварыў пра пляны далейшых інспэкцыяў, аднак увечары стала ясна, што іхная місія закончылася. У сувязі зь непазьбежнасьцю вайны Буш заклікаў, каб зь меркаваньняў бясьпекі ўсе замежнікі, улучна з інспэктарамі ААН і журналістамі, неадкладна пакінулі Ірак. Зьвяртаючыся да ірацкай арміі, прэзыдэнт ЗША заклікаў яе адмовіцца ад супраціву. Буш перасьцярог, што ўсе ваенныя злачынцы будуць пакараныя.
(Буш: ) “Калі вайна пачнецца, я заклікаю кожнага вайскоўца ірацкай арміі і разьведвальных службаў, не ваяваць за рэжым, які канае. Ён не варты вашага жыцьця. Не выконвайце загадаў аб ўжыцьці зброі масвага зьнішчэньня супраць нікога у тым ліку супраць ўласнага народу. Ваенныя злачынствы будуць асуджаныя, а злачынцы пакараныя . Ніхто ня зможа апраўдвацца, што ён толькі выконваў загады”.
Адначасова, карыстаючыся тым, што прамова трансьлявалася тэлеканаламі па ўсім сьвеце, Джордж Буш запэўніў ірацкі народ, што ваенная апэрацыя накіраваная выключна супраць дыктатуры і дзеля дабра народу.
(Буш: ) “Калі мы будзем вымушаныя пачаць ваенную апэрацыю, яна будзе накіраваная супраць бяспраўнага чалавека, які кіруе вашай краінай, ня супраць вас. Калі нашая кааліцыя адбярэ ў яго ўладу, мы паставім вам патрэбныя харчы і лекі. Мы зьнішчым апарат тэрору, дапаможам пабудаваць новы Ірак, квітнеючы і свабодны.
У свабодным Іраку ня будзе болей агрэсіі супраць суседзяў, ня будзе фабрыкаў атруты, расстрэлаў дысыдэнтаў, ня будзе болей камераў для катаваньняў і згвалтаваньняў. Тыранія хутка кончыцца. Дзень вашага вызваленьня блізкі”.
Прэзыдэнт ЗША папярэдзіў, што ў часе вайны з Іракам тэрарысты могуць справабаваць нанесьці ўдары па ЗША. “Мы не дазволім тэрарыстам запалохаць нас”, – сказаў Буш. Тым ня менш, улады аб’явілі стан вышэйшай антытэрарыстычнай гатоўнасьці і прэвэнтыўна выслалі з краіны падазроных чужынцаў.
У выніку ўльтыматуму Садаму Хусэйну з боку прэзыдэнта ЗША сярод міжнароднай супольнасьці паглыбіўся падзел на прыхільнікаў і праціўнікаў вайны. Ультыматум Буша падтрымаў прэм’ер Японіі Юніхіра Кайзумі. Прэм’ер Аўстраліі Джон Гоўард паведаміў, што ў дадатак да двух тысячаў аўстралійскіх вайскоўцаў, якія ўжо знаходзяцца ў раёне Пэрсыдзкай Затокі, у выпадку вайны Аўстралія накіруе туды яшчэ 2 тысячы. У дадатак да чэска-славацкага кантынгенту, рашэньне аб накіраваньні 200 сваіх вайскоўцаў прыняла Польшча. Турэцкія лідэры яшчэ раз паставяць на галасаваньне ў парлямэнце пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Турцыі амэрыканскіх сілаў.
Пасьлядоўна супраць вайны выступаюць сталыя сябры Рады Бясьпекі Расея, Францыя і Кітай. Учора прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін перасьцярог ЗША перад атакай на Ірак. Канцылярыя прэзыдэнта Францыі апублікавала заяву Жака Шырака, які адзначыў, што ЗША панясуць усю адказнасьць за ігнараваньне думкі міжнароднай супольнасьці. Сёньня з тэлевізійнай прамовай выступіў сам Жак Шырак.
(Шырак: ) “Няма ніякага апраўданьня для аднабаковага рашэньня пра пачатак вайны. Сёньня Ірак не ўяўляе сабою непасрэднай пагрозы, якая апраўдвала б неадкладную вайну”.
На неапраўданасьць верагодных пакутаў і гібелі цывільнага насельніцтва зьвярнуў увагу канцлер ФРН Гергард Шрэдэр.
(Шрэдэр: ) “Для мяне пытаньне стаяла і стаіць гэтак: ці ўзровень небясьпекі з боку ірацкага дыктатара апраўдвае вайну, якая несумненна прынясе сьмерць тысячаў нявінных людзей, жынчынаў і дзяцей. Мой адказ гучыць: не”.
Усьлед за пратэстамі Францыі, Нямеччыны і Расеі, зрабіць усё магчымае, каб пазьбегнуць узборенага канфлікту, заклікаў Кітай. Як бачна са словаў міністра замежных справаў Кітая Лі Чжаосін, Пэкін усё яшчэ настойвае на тым, каб інспэктары ААН працягвалі сваю місію ў Іраку, якая была эфэктыўнай.
(Чжаосін: ) “Спрабуйце пазьбегнуць вайны. Мы супраць ужываньня сілы і лічым, што ў дадзеным выпадку павінна быць выкананая рэзалюцыя Рады Бясьпекі, таксама з улікам грамадзкай думкі па ўсім сьвеце”.
У складанай сытуацыі апынуўся прэм’ер Велікабрытаніі Тоні Блэр. Сёньня брытанскі парлямэнт разглядае пытаньне ўдзелу ў вайне 45 тысячаў брытанскіх вайскоўцаў, і Тоні Блэр мае шанец заручыцца падтрымкай дэпутатаў, нават з боку апазыцыі. Міністар замежных справаў Велікабрытаніі Джэк Стро наступным чынам абгрунтаваў мэтазгоднасьць далучэньня Велікабрытаніі да ваеннай аперацыі супраць рэжыму Садама Хусэйна:
(Стро: ) “Безумоўна, у выніку ваеннай аперацыі загінуць людзі, але ўсё роўна гэта лепш, чым цалкам адмовіцца ад яе. Для мяне гэта яснае. Калі мы ня пойдзем на такі крок, значна болей тысячаў людзей загінуць ад рук Садама Хусэйна, ён будзе надалей дэстабілізаваць рэгіён і працягваць распрацоўваць зброю масавага зьнішчэньня”.
Аднак не для ўсіх брытанскіх палітыкаў гэта такое адназначнае. Учора падаў у адстаўку з пасады лідэра Партыі працы ў парлямэнце былы міністар замежных справаў і блізкі супрацоўнік Блэра Робін Кук.
(Кук: ) “Я хачу далучыцца да тых, хто заўтра вечарам будзе галасаваць супраць ваеннай аперацыі. Гэта адзіная прычына, дзеля якой я, зь цяжкім сэрцам, выходжу з ураду”.
Робін Кук нагадаў, што супраць вайны выступае большасьць брытанцаў. Усьлед за ім у адстаўку падаў таксама віцэ-міністар аховы здароўя Філіп Гант.
Ультыматум Джорджа Буша адкінулі іншыя краіны і арганізацыі, у тым ліку Арабская Ліга. Мусульманская краіна Інданэзія назвала вайну ЗША супраць Іраку бяз санкцыі ААН поўнасьцю “нелегальнай”. Шкадаваньне з прычыны непазьбежнай пэрспэктывы вайны выказаў прэзыдэнт Мэксыкі Вінсэнт Фокс. Што тычыцца самога Хусэйна, дык яшчэ да таго, як Буш выступіў са сваім тэлезваротам, ён адкінуў ультыматум і заявіў, што нікуды ён не паедзе і будзе ваяваць ажно да перамогі.
У сувязі з пазыцыяй Хусэйна і такім разьвіцьцём падзеяў чакаецца, што вайна можа распачацца ў любы момант і напэўна не пазьней, як у бліжэйшыя 4 дні.