Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРОБЫ ДЫПЛЯМАТЫЧНАГА РАЗЬВЯЗАНЬНЯ ІРАЦКАГА КРЫЗЫСУ СКОНЧЫЛІСЯ

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Калі прэзыдэнт Ірака не скарыстаецца гэтым апошнім шанцам, аб’яднаныя дывізіі ЗША і краін кааліцыі пачнуць неўзабаве ваенныя дзеяньні. Буш, аднак, не сказаў, калі дакладна вайсковыя дзеяньні пачнуцца. Адначасова з ультыматумам Садаму Хусэйну Джорж Буш заклікаў ірацкіх вайскоўцаў скласьці зброю і не выконваць загады. Ён таксама папярэдзіў, што ўсе, хто спрычыняцца да падпальваньня і разбурэньня нафтавых радовішчаў і выкарыстаньня зброі масавага зьнішчэньня, падпадуць пад суд за ваенныя злачынствы і будуць пакараныя.

Пасьля шматдзённых перамоваў ЗША адмовіліся ад спробы правесьці праз Раду Бясьпекі ААН рэзалюцыю, якая б надала спробе вайсковага раззбраеньня Ірака шырокую міжнародную легітымнасьць. Джордж Буш патлумачыў, што прычынай адмовы ад далейшых дыпляматычных захадаў было тое, што ААН ня здолела прывесьці ў дзеяньне сваю ж уласную рэзалюцыю па раззбраеньні рэжыму Садама Хусэйна. “Небясьпека відавочная, – сказаў прэзыдэнт ЗША. – Выкарыстоўваючы біялягічную, хімічную і калі-небудзь ядзерную зброю, здабытую з дапамогай Ірака, тэрарысты маглі б задаволіць свае амбіцыі і забіць сотні тысяч бязьвінных людзей у гэтай краіне, ці якой іншай”. Што да легітымнасьці прэвэнтыўнай вайны, дык прэзыдэнт ЗША заявіў, што усе папярэднія рэзалюцыі ААН, якія Багдад ігнараваў, а таксама леташні дазвол Кангрэсу ЗША вядзеньне вайсковых дзеяньняў даюць яму ўсе неабходныя легальныя падставы.

Час пачатку вайсковых дзеяньняў невядомы. Аднак аданачасова з папярэджаньнем пра вайсковыя дзеяньні Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША заклікаў усіх амэрыканскіх грамадзян і дыпляматычны пэрсанал, які зараз знаходзіцца ў Кувэйце, пакінуць краіну перад магчымай небясьпекай біялягічнай ці хімічнай атакі з боку Ірака. Падобныя крокі зрабіла і Вялікабрытанія. У Іраку дагэтуль знаходзяцца 135 вайсковых інспэктараў ААН і пэрсанал, а таксама 200 супрацоўнікаў розных гуманітарных місій.

У саміх ЗША ў сувязі з заявай Джорджа Буша ўзровень небясьпекі тэрарыстычнай актыўнасьці быў ізноў узьняты з жоўтага да аранжавага, што азначае высокі ўзровень небясьпекі.
XS
SM
MD
LG