Нават ва ўмовах глыбокай начы амэрыканскія выведчыкі могуць цяпер бачыць у цемры, як чалавек міргае, нават калі ён занаходзіцца ў двух кілямэтрах ад назіральніка. Гэта дазваляе зрабіць навейшая вайсковая тэрмальная LRAS-3.
Гаворыць капітан выведкі ЗША Cкот Брэнан:
(Брэнан: ) “LRAS-3 --далёкасяжная пошукавая сыстэма назіраньня. Найбольшае адрозьненьне ад старой сыстэмы, якой мы карысталіся да канца мінулага году, гэта дакладнасьць і адлегласьць дзеяньня. Нашая здольнасьць выяівіць праціўніка узрасла ад трох кілямэтраў да 24 кілямэтраў”.
Некалькі дзясяткаў адзінак такога абсталяваньня амэрыканскія выведныя злучэньні ў Кувэйце атрымалі сёлета ў студзені. Зьнешне сыстэма выглядае проста як квадратная скрыня, якая ўсталёўваецца на чатрыхкалёсных бронетранспартэрах для пустыняў Humvee.
Паводле ваеннага спэцыяліста Мэт’ю Томсана, вызначальнай для новага прыбора ёсьць вызначэньне адлегласьці да цэлі з дапамогай лязэру. На дысплеі назіральнік можа беспамылкова вызначыць месца знаходжаньня цэлі на вялікай адлегласьці з дакладнасьцю да мэтру. У гэтым перавага новай дыгітыльнай тэхналёгіі перад ранейшай тэлевізыйнай.
Прыбор быў распрацаваны для Міністэрства абароны ЗША фірмай Raitheon. Прыбор улоўлівае цяпло, якое выпраменьваецца ад жаўнераў альбо машынаў на мясцовасьці і ператварае інфармацыю ў дыгітальнае адлюстраваньне.
У інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода ў Кувэйце Мэцью Томсан прадэманстраваў магчымасьці прыбору на канкрэтным прыкладзе:
(Томсан: ) “Так, зараз я маю ў полі зроку пустыню і пачынаю шукаць штосьці далей. І вось я нешта бачу – падобна, толькі што ўзьляцеў гелікоптэр. Выглядае, гэта “Блэкхоўк”. Дайце мне яго! Я маю правесьці яго сэкунду. Чатыры тысячы сто мэтраў. Гэта “Блэкхоўк”.
Адмысловыя цеплавыя “маркеры”, якія выкарыстоўваюць амэрыканскія вайскоўцы ў сваёй уніформе, дазваляюць выведчыкам лёгка адрозьніваць уначы сваіх байцоў ад варожых. Акрамя таго, кіраўнік перадавога атраду зможа дасылаць імэйлы на кампутарную мапу пазыцыяў, што дазваляе каардынаваць дзеяньні наземных сілаў, або ўдары авіяцыі. А калі цэль патрапляе ў трохкілямэтровую зону дзеяньня танка Abrams, камандзір атраду можа выклікаць праз рацыю ягоны агонь па праціўніку.
На думку амэрыканскіх афіцэраў выведкі, новыя тэхналёгіі начнога бачаньня ў спалучэньні з кампутарамі і здымкамі з касьмічных спадарожнікаў цалкам зьменяць узаемадзеяньні паміж перадавымі выведатрадамі і асноўнымі сіламі. Аднак, што застаецца бязь зьменаў у працы выведкі з часоў старажытнага Рыму і да нашых часоў – дык гэта неабходнасьць дзейнічаць употай, паведамляць аб разьмяшчэньні сілаў праціўніка як мага раней і зьнікаць з поля бою раней, чым пачнуцца баявыя дзеяньні.