Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПЛЯНУЮЦЦА ДВА ШЭСЬЦІ ДА ДНЯ ВОЛІ

Валер Каліноўскі, Менск

У Менскі гарвыканкам паступілі дзьве заяўкі ад групаў грамадзянаў на асобныя акцыі. Першая — з ініцыятывай правядзеньня шэсьця 23 сакавіка ад плошчы Незалежнасьці да Кастрычніцкай плошчы. Другая — аб правядзеньні сьвяточнай дэманстрацыі 25 сакавіка ад плошчы Якуба Коласа да помніка Янку Купалу.

Першую акцыю падтрымлівае Нацыянальны аргкамітэт сьвяткаваньня юбілею БНР, КХП БНФ ды іншыя партыі. Каардынатар гэтай акцыі Вячаслаў Сіўчык кажа, што ўжо праведзеная падрыхтоўчая праца, і шэсьце адбудзецца, нягледзячы на тое, ці дадуць дазвол гарадзкія ўлады:

(Сіўчык: ) “Юрыдычных падставаў у гарадзкіх уладаў адмаўляць у правядзеньні шэсьця і мітынгу няма. Пабачым, якая будзе рэакцыя гарвыканкаму, але ж пры правядзеньні гэтай акцыі (а я ведаю, якія плёткі распаўсюджваліся вакол гэтай акцыі) будзе ўзятая пэрсанальная адказнасьць, і людзі, каторыя прыйдуць на гэтую акцыю, ні ў якім разе ня будуць ні кінутыя, ні падстаўленыя”.

Вячаслаў Сіўчык абвінаваціў Партыю БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі ў расколе працы Нацыянальнага камітэту па сьвяткаваньні ўгодкаў БНР. Кіраўнікі самога камітэту Сяргей Законьнікаў і Анатоль Грыцкевіч таксама сьцьвярджаюць, што менавіта БНФ пайшоў на раскол, а прымусіць далучыцца да агульнага сьвяткаваньня немагчыма. Гаворыць Анатоль Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) “Сумна, зразумела, што так, што пакуль што да згоды прыйсьці ня можам. Ну, але так атрымалася. Раскол быў ня ў гэтым годзе. Раскол пачаўся яшчэ ў 1999 годзе, калі падзяліўся фронт”.

Анатоль Грыцкевіч, які спрабаваў дабіцца згоды паміж канфліктнымі бакамі, кажа, што надарваў на гэтым сваё здароўе. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка запэўнівае, што ў расколе зусім ня іхная віна:

(Вячорка: ) “З самага пачатку, калі Грыцкевіч быў намінаваны старшынём аргкамітэту, ён ні разу не сабраў рэальны аргкамітэт, ён прызначыў Сіўчыка быць старшынём рабочай групы, ні ў кога не спытаўшыся меркаваньня, ці хочуць бачыць у гэтай ролі Сіўчыка. Рашэньне пра 23-га прымаў асабіста Сіўчык, а ніякі не аргкамітэт. Мы пра гэта ведаць не маглі. А калі б ведалі, то запярэчылі б карэнным чынам, гэта правакацыйнае рашэньне. Зьбірацца на пляцы Незалежнасьці нельга. Там ідуць будаўнічыя работы, ніякая ўлада гэтага не дазволіла б. Там не дадуць нікому сабрацца. Таму мы кааліцыйнай рабочай групай пастанавілі, калі нас не запрашаюць, ладзіць акцыю 25 сакавіка”.

Вінцук Вячорка заяўляе, што “тыя, хто заклікае народ на пляц Незалежнасьці, — правакатары”. Мастак Аляксей Марачкін, які ўваходзіць у альтэрнатыўны аргкамітэт сьвяткаваньня ўгодкаў БНР, выказаў свае аргумэнты:

(Марачкін: ) “Паверце, што традыцыйна, з году ў год мы сьвяткавалі толькі 25 сакавіка. І маршы і мітынгі праводзілі толькі 25-га, так, каб замацавалася ў сьвядомасьці людзей гэтая дата як нешта значнае і сымбалічнае... Але 25 сакавіка будзе вечарына, і тая частка арганізатараў, якая плянуе на 23-га, і тая, што плянуе на 25-га, мы будзем разам на гэтай агульнай вечарыне”.

Спадар Марачкін засмучаны расколам і драбленьнем масавых акцыяў, але цяпер аб’яднаць дзьве акцыі, відаць, ужо не атрымаецца. Гаворыць палітык Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “Ужо абодва бакі запусьцілі свае ўлёткі на 23-га і 25-га, і наколькі я ведаю, паводле інфармацыі з паседжаньня аргкамітэту, дамовіліся аб разьвядзеньні жанраў. Будзе дзьве акцыі ў розных жанрах: 23-га — гэта шэсьце, 25-га ўскладаньне кветак да помнікаў Якубу Коласу і Янку Купалу”.

Аляксей Кароль, як і іншыя арганізатары, разумее, што раскол ня пойдзе на карысьць сьвяткаваньню ўгодкаў БНР.
XS
SM
MD
LG