Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“SALZBURGER NACHRICHTEN”: “МОЦНЫ ЧАЛАВЕК У МЕНСКУ ПРАВАКУЕ НАЙМАЦНЕЙШУЮ КРАІНУ СЬВЕТУ”


Ул. інф.

Паводле аўстрыйскага журналіста, сцэнар далейшых прэвэнтыўных дзеяньняў ЗША ў барацьбе з тэрарызмам можа выглядаць наступным чынам: амэрыканскія караблі прасоўваюцца ў воды Балтыкі, ваенна-марскія пехацінцы перасякаюць межы Эўразьвязу з боку Польшчы і прыбалтыйскіх краінаў. Кіеў пачынае атрымліваць валюту за транзыт ваеннага кантынгенту. Падобнае ўварваньне ў адну з праваслаўных краінаў безумоўна выклікае масавыя дэманстрацыі з боку старой Эўропы і адпаведную пасіўнасьць у СНД.

З таго часу, як Лукашэнка дабраахвотна і актыўна рухаецца ў бок гэтак званай восі зла, антыпатыя да апошняй дыктатуры ў Эўропе паступова перарастае за акіянам да мэтанакіраванай акцыі, — піша “Salzburger Nachrichten”.

Як паведаміў аўстрыйскаму карэспандэнту адзін з амэрыканскіх дыпляматаў ў Маскве, які пажадаў застацца ананімным, “моцны чалавек ў Менску надзвычай правакуе наймацнейшую дзяржаву ў сьвеце. Ніводзін зь іншых дзяржаўных дзеячоў не паводзіць сябе настолькі дзёрзка”.

На ўвазе маюцца ў тым ліку і заявы Лукашэнкі ў часе нядаўняга візыту ў Менск мэра Багдаду Абэд Хамэду. Як вядома, ірацкая дэлегацыя на чале зь ім наведала беларускую сталіцу паводле запрашэньня менскай мэрыі. Аднак, піша “Salzburger Nachrichten”, на працягу чатырох дзён візыту праблемы камунальнай палітыкі практычна не абмяркоўваліся бакамі. Беларускі лідэр рабіў акцэнт на ўсталяваньне надзвычай добрых дачыненьняў паміж краінамі, а таксама на тое, што Садам Хусэйн заўсёды зможа разьлічваць на пэўную дапамогу і падтрымку з боку братняй дзяржавы.

Калі ўлічыць, што напярэдадні ірацкая амбасада ў Менску выдаткавала на будаўніцтва чарговага праекту Лукашэнкі — Нацыянальнай бібліятэкі — 500 тысяч даляраў ЗША, а яшчэ раней спартовае кіраўніцтва запрасіла ў Менск на чэмпіянат сьвету па боксу старэйшага сына Хусэйна, падобныя стасункі разглядаюцца як сапраўдны альянс дыктатараў.

Як лічаць амэрыканскія дыпляматы, такія двухбаковыя дачыненьні ўсё больш упісваюцца ў лёгіку падзеяў, згодна зь якімі Беларусь небеспадстаўна ставяць у адзін шэраг з краінамі-ізгоямі. Падобна да Паўночнай Карэі, гэтая маленькая эўрапейская краіна ўсё больш непакоіць ЗША з гледзішча яе геапалітыкі і патэнцыялу прымяненьня сілы.

Паводле “Salzburger Nachrichten”, пачынаючы з 1994 году, Менск зь ягонай ўнутранай і замежнай палітыкай становіцца нязручным для Вашынгтону. Цяпер супраць дыктатара актыўна пачала выступаць і новая Эўропа. Зманіпуляваныя выбары, парушэньні правоў чалавека, атака на прафсаюзы, палітычныя партыі, незалежныя СМІ — усё гэта стала падставай для ізаляцыі Лукашэнкі. І ўсё гэта працягвае разглядацца ЗША як пэўная пагроза для стабільнасьці ў эўрапейскім рэгіёне, — піша аўстрыйскае выданьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG