У выніку другога туру выбараў дэпутатам Магілёўскага гарадзкога савету абраны сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Кірыл Шарапкін. У Горацкі раённы савет прайшоў студэнт Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі, сябар грамадзкай арганізацыі “Грамадзянскі форум” Андрэй Цімаеў.
У чатырох бабруйскіх акругах, дзе адбываўся другі тур выбараў у гарадзкі савет, усе кандыдаты ад дэмакратычнай плыні заяўляюць аб парушэньнях і фальшаваньнях вынікаў. У Бабруйскай выбарчай камісіі заяўляюць, што скаргаў сапраўды зашмат і ня выключаны перападлік бюлетэняў у трох акругах.
Сябар Бабруйскага гарадзкога клюбу выбарцаў, рабочы “Белшыны” Зьміцер Мінаеў будзе абскарджваць перамогу ў ягонай акрузе генэральнага дырэктара “Бабруйскмэблі”. На першым туры Зьміцер Мінаеў абышоў кандыдата ад улады амаль на 20%, а ў другім туры, паводле інфармацыі камісіі, прайграў.
На адным з выбарчых участкаў, распавёў Зьміцер Мінаеў, ягоным давераным асобам давялося назіраць за падлікам галасоў на адлегласьці восем мэтраў. У выніку колькасьць тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, паводле вэрсіі камісіі, істотна разыходзіцца з падлікамі назіральнікаў — прыкладна на тры сотні бюлетэняў.
Дамагаецца пераліку галасоў і яшчэ адзін кандыдат ад дэмакратычнай плыні з Бабруйску — Міхаіл Кавалькоў, лідэр Свабоднага прафсаюзу аднаго з прадпрыемстваў. Ён разам са сваёй ініцыятыўнай групай вылучае падобныя прэтэнзіі — фальшаваньне вынікаў выбараў на карысьць кандыдата ад улады. Міхаіл Кавалькоў зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру.
У акрузе, дзе змагалася за мандат дэпутата Бабруйскага гарадзкога савету сяброўка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Гатавец, выбары не адбыліся. Камісія сьцьвярджае, што на ўчасткі прыйшло меней патрэбнай колькасьці выбарцаў. У Ганны Гатавец на гэты конт іншае меркаваньне: яна лічыць, што колькасьць выбарцаў у сьпісах была завышаная.
Свайго канкурэнта, дырэктара камбінату хлебапрадуктаў Ганна перамагла на 250 галасоў, і незалежна ад вынікаў выбараў, падае скаргі. На суперніка, які напярэдадні дня галасаваньня бясплатна раздаваў выбарцам дзяржаўную газэту са сваім інтэрвію і на адну з участковых камісіяў, якую Ганна Гатавец абінавачвае ў супрацьдзеяньні выбарам. Кандыдатка сьцьвярджае, што пры канцы дня галасаваньня сябры камісіі былі ў нецьвярозым стане і ня сталі ўвогуле праводзіць выязное галасаваньне.