Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІМЕМ УЛАДЗІМЕРА МУЛЯВІНА МОЖА БЫЦЬ НАЗВАНЫ БУЛЬВАР ЛУНАЧАРСКАГА Ў МЕНСКУ


Ігар Карней, Менск

Як паведаміў Радыё Свабода дырэктар “Песьняроў” Ігар Сьвечкін, гадзінная аўдыенцыя ў кіраўніка дзяржавы сталася своеасаблівай генэральнай кансультацыяй напярэдадні прыняцьця канчатковага рашэньня: 1 красавіка Лукашэнка зьбіраецца падпісаць адмысловае распараджэньне наконт ўшанаваньня памяці Мулявіна.

Яшчэ напярэдадні 40 дзён ад дня сьмерці музыкі было вырашана выдаткаваць з пазабюджэтнага фонду Лукашэнкі 70 мільёнаў рублёў (каля 35 тысяч даляраў). Але маштабнасьць плянаў выявіла, што гэтых грошай будзе недастаткова. Таму сёньня Лукашэнка запатрабаваў ад міністраў культуры, фінансаў, а таксама мэра сталіцы адшукаць дадатковыя сродкі. На што пойдуць гэтыя грошы?

Плянуецца пераназваць бульвар Луначарскага ў Менску на бульвар імя Мулявіна. На доме па вуліцы Бяды, дзе жыў Мулявін і цяпер жыве ягоная сям’я, усталююць мэмарыяльную дошку. Праз год на Ўсходніх могілках зьявіцца надмагільная пліта. Бліжэйшым часам будзе абвешчаны конкурс сярод скульптараў на стварэньне помніка артысту, які ўсталююць, мяркуючы па ўсім, у раёне будучага бульвару Мулявіна.

З ініцыятывы Міхаіла Фінберга і Ігара Лучанка, якія таксама прысутнічалі на паседжаньні, зьявяцца тры адмысловыя прэміі Мулявіна на фэстывалях “Славянский базар”, “Залаты шлягер” і “Маладэчна”. Ня выключана стварэньне музычнага цэнтру ў ягоны гонар.

Але некаторыя творцы, не адмаўляючы неабходнасьці захаваньня памяці Мулявіна, падкрэсьліваюць: улады зьбіраюцца зрабіць нашмат болей, чым дзеля ўшанаваньня памяці ня меней выбітных дзеячоў беларускай культуры — прыкладам, пісьменьнікаў Караткевіча і Адамовіча, альбо акторак Александроўскай і Станюты. Вось меркаваньне Рыгора Барадуліна:

(Барадулін: ) “У прынцыпе, гэта нармалёва. Але ёсьць супярэчнасьці. Мулявін — расеец, які прапагандаваў беларускую песьню, беларускае слова. Дык чаму ж тады не знайсьці месца для помнікаў Уладзімеру Караткевічу, Алесю Адамовічу, іншым, хто рабіў імя Беларусі ў сьвеце? Чамусьці ў Менску ставяць конную скульптуру Жукаву, а не Кастусю Каліноўскаму. Узяць музэй Суворава, ката беларускага народу. Падлеткаў называюць сувораўцамі — імем таго, хто вынішчаў беларусаў.

Мяне, дарэчы, заміляе назва “Славянский базар”. Базар, па-першае, цюркскае слова, а, па-другое, што прадаецца на гэтым базары — сумленьне? Мяркую, ідзе звычайнае хапаньне за гарачае. Постаць Мулявіна сапраўды гарачая, той-сёй хоча пагрэць рукі на сымпатыях масаў. А насамрэч ідзе антыбеларушчына поўным ходам”.

Удзельнікі гурту “Песьняры” таксама хадайнічалі, каб аднайменны лягатып “Песьняры” належаў выключна ўдзельнікам гурту. А гэта азначала б, што іншы ансамбль, “Беларускія песьняры” пад кіраўніцтвам аднаго зь першых паплечнікаў Мулявіна, Уладзіслава Місевіча, можа апынуцца ў Беларусі па-за законам. Зараз калектыў Місевіча зарэгістраваны ў Расеі, бо спробы зрабіць гэта ў Беларусі скончыліся безвынікова.

З гэтай прычыны Міністэрства культуры ўжо спрабуе адвадзіць “Беларускіх песьняроў” ад беларускае ж сцэны: 8 сакавіка на патрабаваньне міністра культуры Леаніда Гулякі канцэрт “Беларускіх песьняроў” у Палацы рэспублікі быў адменены. Уладзіслаў Місевіч, у сваю чаргу, катэгарычна адмаўляецца ад аб’яднаньня двух ансамбляў, бо гэта азначала б вяртаньне пад поўны творчы кантроль ў дзяржаўную структуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG