Спадзяваньні лідэраў апазыцыі грунтаваліся на тым, што ў другім туры, згодна з законам, не праводзіцца датэрміновае галасаваньне, а таму зьмяншаюцца магчымасьці для злоўжываньняў. Гэтыя надзеі, аднак, не зусім спраўдзіліся. Гаворыць лідэр БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч:
(Статкевіч: ) “Выснова такая: калі колькасьць акругаў памяншаецца, фальсыфікацыя ўзрастае, таму што ўлада канцэнтруецца. І яшчэ, яны разнесьлі галасаваньне па абласьцях на розныя дні ў некалькіх мэтах. Першая — прыяжджае начальства зь Менску, з вобласьці. Яно кантралюе, каб ніхто з дэмакратаў не прайшоў у дэпутаты. І таксама яны шукаюць аптымальны варыянт, які дзень больш спрыяльны для іх пры галасаваньні ў другім туры. Яны экспэрымэнтуюць для парлямэнцкіх выбараў: у які дзень лепш праводзіць другі тур — калі прыходзяць нашыя выбарцы, калі — іхныя, калі, карацей кажучы, больш ідуць пэнсіянэры, а не ідзе моладзь”.
Старшыня БСДП “Народная грамада” адзначыў такую памылку сваёй партыі:
(Статкевіч: ) “У нас з 11 кандыдатаў у пасялковыя і сельскія саветы 9 абраныя, у двух выбары не адбыліся. Мы мала вылучалі па вёсках, бо лічылі, што настрой вяскоўцаў вельмі кансэрватыўны, і нас не абяруць. І ўлада таксама так лічыла, і сваю машыну фальсыфікацыяў там не падрыхтавала. Аказалася, мы пераацанілі кансэрватызм вясковых выбарцаў”.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у другім туры выбары адбыліся ў 194 акругах з 202. Цяпер усе без выключэньня саветы могуць пачынаць працу. Нават Мачулішчанскі пасялковы савет Менскага раёну, дзе, як раней казала старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, савет увогуле ня будзе сфармаваны. Цэнтарвыбаркам спасылаецца на памылку пасялковай выбарчай камісіі, якая лічыла, што дзеля таго, каб савет мог распачаць першую сэсію, патрэбна дзьве траціны, а не палова абраных дэпутатаў.
Згодна з Выбарчым кодэксам праводзіць ці не выбары ў тых акругах, дзе яны не адбыліся пасьля двух тураў, вырашаюць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.