Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ КАНСТЫТУЦЫЯ БЕЛАРУСІ НЯ СТАЛА ГАРАНТАМ ГРАМАДЗКАЙ І ПАЛІТЫЧНАЙ СТАБІЛЬНАСЬЦІ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Сяргей Леўшуноў і сябар камісіі распрацоўкі Канстытуцыі 1994 году Валянцін Бараўцоў

(Валер Карбалевіч: ) “15 сакавіка ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень Канстытуцыі. У любой краіне Канстытуцыя — гэта дакумэнт, які зьяўляецца асновай прававой, палітычнай, грамадзкай стабільнасьці. Яна сымбалізуе грамадзянскую згоду, грамадзкую дамову паміж народам і дзяржаваю.

Аднак падаецца, што ў Беларусі да Канстытуцыі трохі іншае стаўленьне. Прычым, як з боку грамадзтва, так і з боку дзяржаўных інстытутаў. Я маю на ўвазе ня толькі тое, што частка беларускай палітызаванай супольнасьці лічыць Канстытуцыю варыянту 1996 году нелегітымнай, таму што яна прынятая не прававым шляхам, а ў выніку канстытуцыйнага перавароту. Праблема яшчэ ў тым, што найвышэйшыя дзяржаўныя інстытуты не адзін раз парушалі і гэтую Канстытуцыю.

Абодва мае суразмоўцы ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы Канстытуцыі 1994 году. Таму маё першае пытаньне да аўтараў, бацькоў-заснавальнікаў першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі: калі вы распрацоўвалі гэты гістарычны дакумэнт, ці чакалі вы, што стаўленьн да яго будзе такое — ня вельмі паважлівае?”

(Сяргей Леўшуноў: ) “Наколькі я памятаю, безумоўна не. У нас былі нейкія рамантычныя спадзяваньні, што той прававы дакумэнт, які мы робім, будзе існаваць у нязьменным выглядзе вельмі доўгі час. У сувязі з нашай працай некаторыя сябры нашай камісіі згадвалі прыклад амэрыканскай Канстытуцыі, якая была нязьменнай на працягу амаль 200 гадоў. Безумоўна, мы не чакалі такай хуткай зьмены Канстытуцыі”.

(Валянцін Бараўцоў: ) “Калі вы мяне аднесьлі да “бацькоў” Канстытуцыі, дык вядома, што кожны бацька лічыць і спадзяецца, што ягонае дзіця перажыве яго самаго. А тут вось я яшчэ жыву, а наша першая Канстытуцыя памёрла”.

(Карбалевіч: ) “За кароткі час Беларусь перажыла некалькі канстытуцыяў. Да 1994 году краіна жыла па Канстытуцыі БССР. Канстытуцыя 1994 году пражыла крыху больш за два гады. Цяпер краіна жыве па Канстытуцыі ў варыянце 1996 году. Але чакаюцца зьмены і ў гэтую Канстытуцыю. Па-першае, у сувязі з плянаваным прыняцьцем канстытуцыйнага акту “саюзнай дзяржавы” Беларусі й Расеі. Па-другое, у сувязі з плянаваным трэцім тэрмінам спадара Лукашэнкі. Пасьля таго, як Лукашэнка сыдзе з палітычнай арэны, узьнікне небходнасьць зьмены дзейнай Канстытуцыі, якая была пераробленая “пад яго”.

Такая канстытуцыйная нестабільнасьць — гэта асаблівасьць Беларусі, ці характэрная рыса ўсіх трансфармацыйных, пераходных дзяржаваў?”

(Леўшуноў: ) “Нельга лічыць гэта агульнай заканамернасьцю. Калі мы нават паглядзім на краіны Балтыі, то там канстытуцыі не зьмяняюцца, там стабільная палітычная сыстэма.

А калі мы паглядзім на ўсход, на поўдзень, то ўбачым, што Канстытуцыі зьмяняюцца даволі часта. Такім чынам, мы маем дзьве мадэлі: эўрапейская і азіяцкая. На жаль, Беларусь палітычнай культурай бліжэй да азіяцкай культуры”.

(Бараўцоў: ) “У розных краінах існуюць розныя мадэлі канстытуцыйнага будаўніцтва. Нават, калі мы возьмем Францыю, дык за паўтара стагодзьдзя там зьмянілася больш за 10 канстытуцыяў. Зь іншага боку, Канстытуцыя ЗША існуе больш як 200 гадоў. Зьмена канстытуцыі сьведчыць аб тым, што зьмяніўся палітычны рэжым. Калі апошні зьмяняецца, то павінен зьмяняцца і асноўны закон. А ў Беларусі ў 1996 годзе адбыліся радыкальныя перамены ў палітычным рэжыме”.

(Карбалевіч: ) “У дэмакратычных краінах прыход да ўлады новай палітычнай сілы азначае толькі тое, што зьмяняюцца прозьвішчы кіраўнікоў. А ў Беларусі калі да ўлады прыходзіць новая палітычная сіла, то ўзьнікае патрэба зьмяняць палітычны і канстытуцыйны лад. Гэта ненармальна і сьведчыць аб тым, што беларускае грамадзтва ўсё яшчэ не зрабіла гістарычнага выбару.

Цяпер надрукаваны канстытуцыйны акт “саюзнай дзяржавы” Беларусі й Расеі. Ці супярэчыць гэты дакумэнт Канстытуцыі Беларусі? І ці патрабуе яго зацьверджаньне зьмены беларускай Канстытуцыі?”

(Леўшуноў: ) “Даволі цяжкае пытаньне. Тое, што надрукавана, не дае ўяўленьня, што ж краіны зьбіраюцца будаваць. Альбо гэта новае дзяржаўнае ўтварэньне, альбо гэта міждяржаўны саюз на аснове міжнароднага права. Дакумэнт вельмі супярэчлівы.

Калі ў “саюзнай дзяржаве” бачыць міждзяржаўнае ўтварэньне, то можна было б абысьціся і бязь зьменаў у Канстытуцыі. Але зь іншага боку, асобныя артыкулы канстытуцыйнага акту вымагаюць зьменаў дзейнай Канстытуцыі Беларусі. А гэта трэба рабіць альбо з дапамогаю рэфэрэндуму, альбо нейкім іншым чынам — напрыклад, прыняцьцем новай Канстытуцыі”.

(Бараўцоў: ) “Я пагаджаюся зь Леўшуновым. Такое ўтварэньне як “саюзная дзяржава”, на мой погляд, ня мае прэцэдэнтаў у практыцы канстытуцыйнага будаўніцтва. З аднаго боку, калі гэта саюзная дзяржава, то гэта дзяржава. І яе ўтварэньне вымагае ліквідацыю дзьвюх дзяржаваў, якія яе ўтварылі. І ў такім выпадку неабходныя зьмены ў Канстытуцыю.

Зь іншага боку, калі Беларусь і Расея захоўваюць сувэрэнітэт, то гэта вельмі падобна на міждзяржаўны саюз. У артыкуле 8 Канстытуцыі Беларусі запісана, што Беларусь на добраахвотнай аснове можа ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэньні й выходзіць зь іх”.

(Леўшуноў: ) “Мне падаецца, што гэтае ўтварэньне ўсё ж супярэчыць некаторым палажэньням беларускай Канстытуцыі. Напрыклад, артыкулы, якія датычаць крэдытнай палітыкі нацыянальнага банку, эмісіі і іншае”.

(Карбалевіч: ) “Яшчэ адно вельмі актуальнае пытаньне, якое абмяркоўваецца ў беларускім грамадзтве: праблема трэцяга тэрміну Лукашэнкі. Вядома, што ў Канстытуцыі — і ў варыянце 1994 году, і 1996 году — тэрмін знаходжаньня аднаго чалавека на пасадзе прэзыдэнта абмежаваны дзьвюма кадэнцыямі. Таму, калі Лукашэнка мае намер заставацца на сваёй пасадзе і далей, то трэба зьмяняць Канстытуцыю. Ці можна нейкім чынам абысьціся бязь зьмены Канстытуцыі?”

(Леўшуноў: ) “На мой погляд, калі Канстытуцыя ня будзе зьмененая, то ў Лукашэнкі ня будзе ніякіх прававых падставаў балятавацца на трэці тэрмін. Дзейная Канстытуцыя выключае падобную магчымасьць”.

(Карбалевіч: ) “Я ведаю, існуюць варыянты так патлумачыць дзейную Канстытуцыю, каб ягонае выбраньне ў 2001 годзе выглядала як першае па Канстытуцыі 1996 году”.

(Леўшуноў: ) “Такая трактоўка ня мае юрыдычных падставаў. Таму што калі мы называем дзейным асноўным законам Канстытуцыю 1996 году, мы зыходзім з сутнасьці гэтага прававога дакумэнту. А з фармальнага гледзішча, яна зьяўляецца Канстытуцыяй 1994 году з дапаўненьнямі й зьмяненьнямі, прынятымі ў 1996 годзе. Таму не існуе ніякіх юрыдычных падставаў трактаваць другі тэрмін як першы”.

(Бараўцоў: ) “У артыкуле 81 напісана, што адна асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш як два тэрміны. А ў артыкуле 144 напісана, што тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта рэспублікі лічыцца з дня ўступленьня ў сілу Канстытуцыі 1996 году. Як ні глядзі на гэты артыкул, зь любога боку — усё роўна, мы ўбачым, што тут гаворка ідзе пра тэрмін паўнамоцтваў. Калі нават з 1996 году пачне адлічвацца тэрмін паўнамоцтваў, то гэта ніяк ня сьведчыць пра тое, што тыя два гады (1994–1996), калі Лукашэнка быў прэзыдэнтам, не зьяўляюцца ў прававым сэнсе гадамі яго прэзыдэнцтва.

Такім чынам, нават калі ўзяць пад увагу, што першы тэмін працягваецца на два гады, нельга казаць, што гэтага тэрміну не было наогул. Таму зь юрыдычнага гледзішча, Лукашэнку нельга працягнуць свае паўнамоцтвы бязь зьменаў Канстытуцыі”.

(Карбалевіч: ) “Я разумею так, што калі зьменяць гэтыя артыкулы Канстытуцыі, якія тычацца тэрміну паўнамоцтваў адной асобы на пасадзе прэзыдэнта, то патрэбны рэфэрэндум. Ніякім іншым чынам чынам яе зьмяніць немагчыма”.

(Леўшуноў: ) “Існуе яшчэ адзін шлях, акрамя рэфэрэндуму. Гэта ня зьмены ў дзейную Канстытуцыю, а прыняцьце цалкам новай канстытуцыі Нацыянальным сходам”.

(Бараўцоў: ) “У дзейнай Канстытуцыі ня вызначаны парадак прыняцьця новай канстытуцыі. Таму новая канстытуцыя, калі вырашаць яе прымаць, можа быць прынятая як парлямэнтам, так і шляхам рэфэрэндуму”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, цяпер у Беларусі Канстытуцыя зьяўляецца ня нейкім якарам грамадзянскай стабільнасьці, а інструмэнтам у палітычнай барацьбе, барацьбе за ўладу. І пакуль такая сытуацыя захоўваецца, нельга чакаць хуткага пераадоленьня ня толькі прававога, палітычнага, але і сацыяльна-эканамічнага крызысу”.
XS
SM
MD
LG