Людзі розных узростаў і сфэраў дзейнасьці адзінадушна заявілі пра значнасць падзеі, але іх меркаваньні розьніліся адносна магчымай выніковасьці сходу. Гаворыць экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў:
(Лявонаў: ) “Інтэлігенцыя гаворыць пра тое, што баліць. Справа іншых людзей гэты боль увасобіць у дзеяньне. І гэтыя людзі ёсьць”.
На станоўчы вынік сходу спадзяецца таксама й сьвятар Аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч:
(Акаловіч: ) “Беларуская аўтакефальная царква займаецца справай адраджэньня беларускага народу. Спадзяемся на большую выніковасьць гэтай працы й надалей”.
Сярод удзельнікаў сходу былі прадстаўнікі рэгіёнаў краіны й замежжа. Сярод такіх — старшыня Беларускага зьвязу ў Польшчы Яўген Вапа:
(Вапа: ) “Вялікая падзея, бо бяз нашай духоўнай Бацькаўшчыны няма й нацыянальных меншасьцяў”.
Асьцярожны аптымізм пра хаду форуму выказаў такі вядомы палітык як Мечыслаў Грыб:
(Грыб: ) “Ідэя аб’яднаньня ўсіх сілаў цікавая й неабходная. Можа, з гэтага нешта й атрымаецца”.
Прыкладна гэткага ж меркаваньня прытрымліваецца й мастак Алесь Пушкін:
(Пушкін: ) “Хочацца бачыць больш радыкальныя вынікі й акрэсьленае разуменьне нонканфармізму. На жаль, адны й тыя ж асобы, адны й тыя ж пустазвоны. Калі зьезд не радыкалізуецца, то я буду шкадаваць, што прыехаў”.
Гаворыць настаўнік зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну Мікалай Бусел:
(Бусел: ) “Я ня бачу мэханізмаў, і яны яшчэ не прапанаваныя па зьмене гэтага нядобрага ладу. Я быў кандыдатам у дэпутаты, аб’ехаў мноства вёсак на ровары — мне хочацца плакаць ад таго гвалту, які ўчынены з нашай радзімай”.
Не задаволены арганізацыяй працы зьезду кінарэжысэр Уладзімер Арлоў:
(Арлоў: ) “Вельмі непадрыхтаваныя выступленьні: людзі ня ведаюць дакладна нават, што яны хочуць сказаць. Хопіць гісторыі, хопіць крытыкі — канструктыўнае нешта трэба падаваць. Будзем спадзявацца, што згуртаваньне, да якога сёньня заклікаюць, яно адбудзецца”.
Больш аптымістычна пра хаду форуму выказаўся Пётар Краўчанка:
(Краўчанка: ) “Гэта нашая традыцыя беларуская: зьбірацца грамадой, раіцца. І калі некаму здаецца, што ідзе абстрактная гаворка, то гэта толькі зьнешне. Падсьвядомасьць нашая працуе, і кожны думае над адказам, што рабіць і як з гэтага крызыснага стану выйсьці”.
Такія меркаваньні пра Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі выказалі ягоныя ўдзельнікі.