Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕТАСЬ 160 ТЫСЯЧ БЕЛАРУСАЎ СТАЛІ АХВЯРАМІ НЕСУМЛЕННАГА ГАНДЛЮ


Ігар Карней, Менск

Летась у Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў зьвярнуліся 160 тысяч грамадзянаў. Найчасьцей людзі наракалі на якасьць харчоў, ненадзейнасьць побытавай тэхнікі, няякасныя паслугі. Але толькі адзінкі з тых, хто спрабаваў атрымаць грашовую кампэнсацыю, здолелі дамагчыся праўды.

Ці ня самы ўдалы прыклад змаганьня за свае правы прадэманстравала жыхарка Менску Тамара Гулезава. Шасьцігадовая эпапэя змаганьня са сталічнай фірмай “Бікаран”, якая ўсталявала ў ейнай кватэры шэсьць няякасных дзьвярэй, завершылася судовым выракам: фірма абавязаная кампэнсаваць маральныя і матэрыяльныя страты ў памеры, эквівалентным 20 тысячам даляраў. Але спадарыні Гулезавай гэта каштавала пакутлівых блуканьняў па судах.

(Гулезава: ) “Я арыентавалася на кампэнсацыю, якая закладзеная законам: за кожны пратэрмінаваны дзень — 1%, а гэта амаль 20 даляраў штодня і цягам некалькіх гадоў. Гэта тая сума, якая павінна кампэнсаваць страты — матэрыяльныя і маральныя. Мяркую, гэта адэкватна тым пакутам, умовам, у якіх я жыву цягам апошніх гадоў. Я практычна не займалася нічым, апроч “Бікарану”: суды наведвала амаль штодня. Дарэчы, на пачатку рашэньне суду было іншае: мне за маральныя страты выплацілі дзесьці 20 даляраў — за пяць з паловай году пакутаў. Няўжо гэта прымальна?”

Зрэшты, нярэдка і вызначаныя судом кампэнсацыі спагнаць з вытворцаў ці гандляроў цяжка. Вось і спадарыня Гулезава мяркуе, што і ёй належныя паводле выраку грошы давядзецца чакаць не адзін год. Бальшыня ж падманутых спажыўцоў наогул не даводзіць справы да суду, бо людзі берагуць сваё здароўе.

Да абароны правоў спажыўцоў нядаўна далучылася і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Вось, у прыватнасьці, што распавёў старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Сакратарыят ТБМ прыняў адмысловы зварот: патрабуем бараніць правы беларускамоўных спажыўцоў (а іх у нас тры мільёны сямсот тысяч, калі верыць вынікам перапісу) з тым, каб усе тавары, якія прадаюцца ў Беларусі, мелі інструкцыю ці назву ў тым ліку і на беларускай мове”.

(Карэспандэнт: ) “Куды свой зварот вы накіравалі?”

(Трусаў: ) “Найперш ва ўсе СМІ і ў беларускі ўрад. Больш за тое, у газэце “Наша слова” мы надрукавалі інструкцыю, як спажыўцам пісаць патрабаваньні да вытворцаў, каб тыя называлі тавар па-беларуску. Гэтую ж інструкцыю мы раздалі журналістам. Кожны чалавек павінен ведаць, як змагацца за свае правы, калі ён хоча, каб тая ці іншая рэч мела надпіс у тым ліку і па-беларуску”.

Адно з рэдкіх выключэньняў на беларускім рынку сярод тавараў замежнай вытворчасьці — булённыя кубікі “Галіна Блянка”: няхітры спосаб гатаваньня напісаны па-беларуску. Што да астатняга, то на бутэльках з шампунем, плітках шакаляду, леках і гэтак далей можна прачытаць назовы й інструкцыі на любой мове суседніх краінаў, апроч беларускай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG