Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАЯКІ ПРЫНЕСЬЛІ ЗЬНЯВОЛЕНЫМ АРГАНІЗАТАРАМ НАРОДНАГА МАРШУ ХАРЧЫ І ВОПРАТКУ


Любоў Лунёва, Менск

Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка і Леанід Малахаў знаходзяцца ў адной камэры. Паводле выказваньняў удзельнікаў вулічных дэманстрацыяў, якія раней адбывалі пакараньне ў гэтай сумнавядомай установе, быць разам у адной камэры значна лягчэй, чым паасобку. Людзі харчуюцца з адных перадачаў і падтрымліваюць адзін аднаго.

Людміла Гразнова — першая жанчына, якую суд пакараў на 15 сутак арышту за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі. Гэты прысуд выклікаў хвалю абурэньня ня толькі ў беларускім грамадзтве. Цягам двух апошніх сутак на офіс “Хартыі'97” прыйшло шмат факсаў з-за межаў краіны ў падтрымку арыштаваных. У Людмілы Гразновай дома засталася 16-гадовая дачка Сьвятлана. Сёньня яна разам з малодшай сястрой Людмілы Ірынай перадала сваёй маці харчовую перадачу. Яна падзялілася з намі сваімі ўражаньнямі:

(Сьвятлана: ) “Я ўпершыню была ў такой ўстанове. Ніколі раней ня бачыла, толькі шмат чула ды чытала пра гэта ў газэтах. Мае такія ўражаньні, што гэта турма як турма — калючы дрот, невялікі будынак... Але самі супрацоўнікі спэцпрыёмніка былі вельмі ветлівыя. Я чакала, што гэта будуць вельмі злосныя дзядзькі. Усё насамрэч прайшло вельмі добра. Перадалі ўсё, што хацелі. Я чула, што ў гэтай турме сядзяць толькі алькаголікі й хуліганы. Я не разумею, чаму мая мама, якая была толькі арганізатарам мірнай акцыі, павінна сядзець разам з гэтымі людзьмі і ў такой турме”.

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку Сьвятлана сустрэлася са сваякамі Андрэя Саньнікава, Зьмітра Бандарэнкі й Леаніда Малахава, якія прывезьлі ім перадачы — цёплае адзеньне і харчы. 15-гадовая дачка Зьмітра Бандарэнкі Юлія ўхваляе ўчынак свайго бацькі:

(Юлія: ) “Арышт майго бацькі ня быў для мяне такой нечаканасьцю, бо гэта ўжо ня першы раз. Яго ўжо трэці раз садзяць. Я не лічу, што мой бацька злачынец, таму што ён змагаўся за лепшую будучыню для народу. Я лічу, што злачынцы — тыя людзі, якія яго абвінавацілі й пасадзілі. Калі мой бацька абраў такі шлях, то я яго падтрымліваю і ганаруся ім”.

Хутчэй за ўсё, колькасьць вязьняў сумленьня ў камэрах спэцпрыёмніка павялічыцца. Некаторым сябрам аргкамітэту патэлефанавалі зь міліцыі, каб яны прыйшлі ў панядзелак на размову. З ранейшай практыкі вядома, што такія размовы заканчваюцца складаньнем пратаколаў і дастаўкай у суды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG