Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТУДЭНТЫ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫЯ СУСТРЭЧАЙ З ЛУКАШЭНКАМ


Галіна Абакунчык, Менск

Сустрэча распачалася аб 11-й гадзіне. Але задоўга да гэтага часу абодва ўваходы ў галоўны корпус БДУ блякавала прэзыдэнцкая ахова. У будынак прапускалі толькі па прапусках выключна студэнтаў і супрацоўнікаў унівэрсытэту. Адмысловым быў таксама адбор на ўдзел у сустрэчы, так што многія ахвотныя патрапіць у залю не змаглі, — распавялі студэнты, што заставаліся ва ўнівэрсытэцкім дворыку.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы не на сустрэчы?”

(Студэнтка: ) “Таму што на гэтую сустрэчу выдаваліся асобныя запрашальнікі. На нас яны не прыйшлі”.

(Карэспандэнтка: ) “А на каго прыйшлі?”

(Іншая студэнтка: ) “На актыў: на старастаў, прафкам, сяброў БРСМ”.

(Карэспандэнтка: ) “А хацелі бы пайсьці?”

(Студэнтка: ) “Так. Бо хацелася пачуць, што прэзыдэнт зьбіраецца рабіць надалей — непасрэдна зь ягоных вуснаў. Рэч у тым, што я ня вельмі давяраю нашым СМІ. І пра што ён сёньня гаварыў, мы хутчэй за ўсё й не даведаемся”.

(Карэспандэнтка: ) “Якое пытаньне вы задалі бы прэзыдэнту, калі б у вас была такая магчымасьць?”

(Іншая студэнтка: ) “Я бы спыталася пра факультэт нетрадыцыйнай мэдыцыны. Гэта ня наш факультэт, але я ведаю, што людзі марылі атрымаць рэдкую спэцыяльнасьць. Але пасьля трох гадоў навучаньня факультэт раптам ліквідуюць”.

Тыя, хто патрапіў у фае, змаглі паглядзець трансьляцыю сустрэчы на ўсталяваным тут экране. Паводле студэнтаў, пасьля лекцыі пра палітыку ЗША ў адносінах да Іраку і пра выгаду беларуска-расейскага аб’яднаньня, Аляксандар Лукашэнка больш за тры гадзіны адказваў на загадзя падрыхтаваныя пытаньні студэнтаў: пра падвышэньне стыпэндыяў, цяперашняе становішча культуры і пэрспэктывы разьвіцьця навукі. Больш вострыя — пра будучыя прэзыдэнцкія выбары, нацыянальныя сымбалі й зьніклых палітыкаў — студэнты пісалі на паперках. Лукашэнка пажадаў прачытаць іх таксама, але ягонымі адказамі студэнты засталіся не задаволеныя. Гавораць удзельнікі сустрэчы:

(Студэнт: ) “З нашай групы пайшлі толькі стараста й тыя, хто ёсьць сябрамі БРСМ. На кожнай сутрэчы ён, у асноўным, кажа адно і тое ж, і гэта ўжо надакучыла”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вы задаволеныя сустрэчай?”

(Студэнт: ) “Я асабіста ня вельмі задаволены сустрэчай, бо задаваў пісьмовае пытаньне, але адказу не пачуў”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму вусна не задавалі?”

(Студэнт: ) “Таму што на мяне грамадзкасьць цісьне”.

(Карэспандэнтка: ) “Можа, вы задавалі вуснае пытаньне?”

(Студэнт: ) “Не, пісьмовае. Але адказы былі няшчырыя, і развагі прэзыдэнта дэмагагічныя”.

Зь сёньняшніх заяваў Лукашэнкі вынікае, што ён не намерваецца праводзіць рэфэрэндум адносна пашырэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, але не выключае магчымага плебісцыту адносна пытаньня саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, паводле ягоных словаў, для пэўных кірункаў далейшага гістарычнага разьвіцьця Беларусі ёсьць дастаткова магчымасьцяў — акрамя зьменаў у Канстытуцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG