Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗВАЦЦА ВАСІЛЯМІ ДЫ АЛЕСЯМІ Ў БЕЛАРУСІ МОЖА БЫЦЬ ЗАБАРОНЕНА


Валянціна Аксак, Менск

“Як толькі дзяржава пачынае новы рэпрэсіўны наступ на свабоды грамадзянаў, яна пачынае рэфармаваць мову”, — сказаў знаны беларускі паэт Анатоль Вярцінскі на круглым стале, які 14 сакавіка быў зладжаны ў Саюзе пісьменьнікаў дзеля абмеркаваньня прапановаў групы навукоўцаў у справе зьменаў у правапісе. На доказ свае высновы спадар Вярцінскі прывёў такі гістарычны прыклад: Цанава быў зацьверджаны міністрам на той самай сэсіі Вярхоўнага Савету БССР, на якой быў зацьверджаны і гэтак званы наркамаўскі правапіс.

Прапановы наконт новага ягонага ўдасканаленьня аўтары ні з кім не абмяркоўвалі. Іхны зьмест трымаўся амаль што ў сакрэце. Рада Саюзу пісьменьнікаў прыняла з гэтае нагоды пратэстную заяву. Пасьля чаго кіраўнік Акадэміі Навук Міхаіл Мясьніковіч даслаў у саюз адзін асобнік прапановаў мовазнаўцаў.

Вось меркаваньне пра іх намесьніка старшыні саюзу Міхася Скоблы:

(Скобла: ) “Яны не закранаюць ніводнага спрэчнага пытаньня ў мове — прыкладам, мэтазгоднага ці нямэтазгоднага выкарыстаньня мяккага знаку і іншых момантаў. Але цікава тое, што на гэтай кніжцы стаіць пазнака: “Указ прэзыдэнта. Зацьверджана”. Такім чынам, застаецца толькі паставіць дату і паставіць подпіс. Гэта дае падставу меркаваць, што гэтыя зьмены ўносяцца найперш зь нейкіх палітычных мэтаў, каб атрымаць нейкае дадатковае апірышча ў змаганьні з тымі выданьнямі, якія выходзяць ня тым наркамаўскім правапісам, які зараз існуе”.

Усе ўдзельнікі гаворкі адзначалі рэпрэсіўную скіраванасьць бальшыні прапановаў. Гаворыць мовазнаўца Зьміцер Саўка:

(Саўка: ) “Між радкоў вельмі лёгка чытаецца імкненьне накласьці кантроль на выкарыстаньне ўласна беларускіх імёнаў у афіцыйнай сфэры. Тое, за што мы змагаліся, тое, што не дае нам спакою. Мы хацелі звацца Алесямі, Зьмітрамі ў пашпартах сваіх, у афіцыйных і неафіцыйных паперах — новы кодэкс правілаў забараняе нам гэта рабіць”.

Галоўны рэдактар незалежнай газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько сказаў, што сучасная задача лінгвістаў палягае ня ў тым, каб рэфармаваць афіцыйны правапіс, а ў пошуку кампраміснага варыянту на аснове клясычнага і наркамаўскага. Прапановы групы Падлужнага скіраваныя на фактычнае зьліквідаваньне такое мажлівасьці.

(Дынько: ) “Складаецца такое ўражаньне, што гэтыя правапісныя зьмены хочуць увесьці, каб пасьля можна было ўжываць рэпрэсіі ў дачыненьні да ўсіх тых, што ня хочуць пагаджацца з такім правапісам. І гэта вельмі-вельмі небясьпечна, таму што каб нам урэшце прыйсьці да гэтага адзінага, мінімальна палітызаванага ва ўгоду нейкім сілам і мінімальна русіфікаванага правапісу, нам трэба мець выданьні, якія карыстаюцца клясычным правапісам. Інакш мы ня прыйдзем да адзінага, бо яны будуць нам гаварыць: наш усюды ёсьць, а дзе ваш? Што вы хочаце мяняць?”

Высновы ўдзельнікаў гаворкі пра немажлівасьць прыняцьця прапановаў зьменаў правапісу будуць накіраваныя кіраўніку Акадэміі Навук спадару Мясьніковічу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG