Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТВА ЗАКЛАПОЧАНАЯ СПЫНЕНЬНЕМ ДЭМАРКАЦЫІ МЯЖЫ ЗЬ БЕЛАРУСКАГА БОКУ

Юры Сьвірко, Менск

Міністры замежных і ўнутраных справаў Літвы ў чацьвер наведалі памежны пункт Мэдынінкай на мяжы зь Беларусьсю ды выказалі там заклапочанасьць тым, што Менск на пасьпее ў вызначаныя тэрміны скончыць дэмаркацыю дзяржаўнай мяжы зь Літвой. Некалькі гадоў таму Вільня й Менск дамовіліся, што падзеляць агульную мяжу на дзьве роўныя часткі ды абсталююць іх.

Літоўскі бок сваю частку працы скончыў яшчэ ў 1999 годзе, а Беларусь, паводле міністра замежных справаў Антанаса Валёніса, не пасьпее гэта зрабіць нават да 2004 году, калі Літва плянуе ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз. Беларускаму боку засталося яшчэ пазначыць на мясцовасьці каля 80 кілямэтраў мяжы.

Як перадае агенцтва БНС, “Беларусь спыніла працы па дэмаркацыі, паколькі больш не атрымлівае фінансавай дапамогі ад Эўрапейскага Зьвязу. Эўразьвяз адмовіўся выдаткаваць сродкі на дэмаркацыю мяжы, паколькі паводле беларускага заканадаўства такая дапамога абкладаецца падаткам на даданую вартасьць”. Агенцтва таксама паведамляе, што беларускія ўлады не дазваляюць увезьці будматэрыялы, неабходныя для дэмаркацыі й вырабленыя за мяжой”.

Я папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю сакратара МЗС Літвы, каардынатара працэсу дэмаркацыі Даруса Юргелявічуса, які разам зь міністрам Валёнісам наведаў у чацьвер Мэдынінкай:

(Юргелявічус: ) “Мы ўчора казалі пра тое, што ўсё ж такі хацелі б, каб гэтая праца працягвалася. І ў кантэксьце гэтых мажлівых праблемаў, зьвязаных са спыненьнем фінансаваньня — з прычынаў, якія могуць быць як на беларускім баку, гэтак і ў Эўразьвязе (у тым ліку, мабыць, і з-за бюракратычнай цяганіны) мы будзем імкнуцца акцэнтаваць важнасьць працягу гэтых працаў”.

Прэсавы цэнтар Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі паабяцаў даць камэнтар наконт праблемаў з дэмаркацыяй літоўскай мяжы пазьней. А прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных заявіў наступнае:

(Савіных: ) “Паводле інфармацыі, якую мы маем на гэты момант, працы па дэмаркацыі мяжы працягваюцца. Можа, яны вядуцца больш павольна, чым хацелася б літоўскаму боку — гэтага выключыць нельга, але працы працягваюцца й будуць завершаныя. Больш за тое, мы ня маем разыходжаньняў у пазыцыі, што гэтая праца мусіць быць выкананая. Дый, уласна кажучы, нейкіх спрэчных пытаньняў таксама няма”.

Меркаваньне афіцыйнага прадстаўніка МЗС Беларусі толькі часткова падзяляе ягоны літоўскі калега Дарус Юргелявічус:

(Юргелявічус: ) “Паводле нашых зьвестак, Эўрапейскі Зьвяз выдаткаваў для заканчэньня дэмаркацыйных працаў на беларуска-літоўска-латвійскай мяжы яшчэ 2,2 мільёна эўра, якія паводле цяперашняй сытуацыі павінны быць засвоеныя недзе цягам канца 2003 году й 2004-га, што па вялікім рахунку нас ня вельмі задавальняе. Мы б хацелі, каб увесь гэты працэс максымальна праходзіў паралельна з нашым уступленьнем у Эўразьвязам, каб мы мелі максымальна фармалізаваную фізычную мяжу зь Беларусьсю да вясны, скажам, 2004 году”.
XS
SM
MD
LG