Ці займае беларуская інтэлігенцыя ў грамадзтве тое месца, якога яна заслугоўвае? Большасьць апытаных мной шараговых мінакоў адказвалі на гэтае пытаньне адмоўна.
(Спадар: ) “Я думаю, што канечне не. Вы паглядзіце на тое, што творыцца з інтэлігенцыяй. Напачатку стагодзьдзя яны зьяжджалі, а зараз проста сядзяць, ня ведаю, што робяць, звычайна якую гарэлку п’юць і разважаюць аб тым, як усё нядобра, як усё блага”.
(Другі спадар: ) “Адназначана не займае. У мяне маці настаўніца, і я бачу, за якія маленькія грошы яна працуе. Пры тым, што яна яшчэ настаўніца старой загартоўкі й імкнецца нешта даць дзецям”.
(Спадарыня: ) “Яна не займае таго месца, якога павінна заслугоўваць, бо нашыя ўлады такія”.
(Другая спадарыня: ) “Здаецца, у беларускай інтэлігенцыі няма месца наагул у нашым грамадзтве, таму што культуры ў наш час надаецца зусім мала месца. Калі чалавек толькі паглядзіць на будынак беларускага опэрнага тэатру, ён зразумее ўсё, таму што ён не рамантаваўся даволі значны час”.
(Трэцяя спадарыня: ) “Інтэлігенцыя ў наш час — гэта настолькі вузкая праслойка, што яе проста не адчуваецца пры цяперашняй палітыцы”.
(Чацьвертая спадарыня: ) “Чаму не займае? Я лічу, што годнае месца займае…”
(Пятая спадарыня: ) “Трэба, каб сама інтэлігенцыя сябе паказала так, каб да яе ставіліся так, як павінны ставіцца да інтэлігенцыі”.
(Спадар: ) “Многія вядомыя інтэлігентныя людзі ў Менску былі зьбітыя, пакалечаныя, многія траплялі ў шпіталі. Гэта ўсё адбывалася невыпадкова. Гэта вельмі ўзрушыла мяне й маіх знаёмых”.
(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што нашая інтэлігенцыя магла б займаць больш выразна акрэсьленую пазыцыю ў тым, што тычыцца праблем Беларусі як сувэрэннай незалежнай дзяржавы”.
Якія пытаньні цяпер самыя надзённыя для беларускай інтэлігенцыі? Адказы на гэтае пытаньне былі наступныя:
(Спадарыня: ) “Самае надзённае пытаньне — каб прызналі, што яна інтэлігенцыя, каб гэта прызнавала й краіна, і дзяржава, і самі людзі. Для гэтага трэба, каб яна сябе праяўляла больш актыўна. Спачатку са студэнцтва. Пасіўнае яно ў нас. І Акадэмія навук… Для іх як ёсьць, так і добра…”
(Спадар: ) “Грошы й свабода. Я так кажу, таму што я мастак, і добра ведаю, што такое жыцьцё мастака, і ня толькі таго, які малюе, але й артыста, і сьпевака”.
(Спадарыня: ) “Заработная плата ў іх мусіць быць адпаведная”.
(Другая спадарыня: ) “Я думаю, што задач многа, але, напэўна, калі ня будзе краіны, калі ня будзе культуры, то няма чаго гаварыць пра ўсё астатняе, пра эканоміку, пра палітыку, узровень жыцця й гэтак далей. Галоўная задача — захаваць сябе”.
Гэта былі меркаваньні мінакоў на менскіх вуліцах напярэдадні Ўсебеларускага сходу інтэлгенцыі.