Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМУНАЛЬНЫЯ ТАРЫФЫ ЗАМАРОЗІЛІ, ІНДЭКСАЦЫЯ НА РОСТ ЦЭНАЎ ЗАСТАЛАСЯ


Ігар Карней, Менск

Кошт утрыманьня кватэраў імкліва расьце ад лістапада, і цягам чатырох месяцаў павялічыўся амаль удвая. Нядаўна стаўся сьведкам, як пэнсіянэрка, якая жыве ў аднапакаёвай прыватызаванай кватэры, з роспаччу разглядала рахунак за люты: пры пэнсіі 78 тысяч рублёў ёй за камунальныя паслугі патрэбна было заплаціць 37 тысяч. Да таго ж, яна ніяк не магла зразумець, за які капітальны рамонт трэба аддаць 4500 рублёў, калі ад засяленьня 25 гадоў таму гэты дом ні разу не рамантаваўся. І кажа: да наступнай пэнсіі будзе есьці бульбу, што ўвосень ёй падкінула сястра зь вёскі.

Сытуацыю людзі пачалі ўспрымаць асабліва востра, бо над імі навіс страх увогуле быць выселенымі з кватэраў, калі не заплацяць. І гэта ўжо адбываецца па ўсёй краіне.

Рашэньне замарозіць камунальныя тарыфы прынятае на фоне сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве. Людзі пачалі адкрыта выказваць прэтэнзіі да ўраду, як, прыкладам, Сьвятлана Бронава, маці траіх дзяцей.

(Бронава: ) “Дзяржаўную казну нельга напоўніць, забраўшы ў дзіцяці апошні кавалак хлеба. Гэтым вы казну не напоўніце. Так, мы пакуль маўчым, бо нас так затуркалі, што мы моўчкі ўспрымаем: што дадуць, тое і добра; колькі скажуць заплаціць — столькі плацім. Насамрэч кінулі на выжываньне, і гэта перайшло ўсе межы. Больш трываць нельга”.

Эканамісты лічаць, што ва ўмовах стагнацыі эканомікі і інфляцыі падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі непазьбежнае. Страты камунальнікаў значна большыя, чым іх аплачваюць людзі. А дзяржава ўжо ня ў стане іх кампэнсаваць. Праблема, на думку эканаміста Ўладзімера Карагіна, палягае ў нізкіх заробках насельніцтва і немагчымасьці іх рэальна падвысіць.

(Карагін: ) “У людзей мала магчымасьцяў зарабляць грошы. Відавочна, грошай у бюджэце няма. Рубанулі пры канцы мінулага году і пачатку сёлетняга — а гэта сталася вельмі балючым захадам. Трэба ўсё прывесьці ў сыстэму. У той жа Літве гэтае пытаньне вырашанае сем гадоў таму. Яны рашыліся на гэта. Так, нейкія гады было цяжка. Але цяпер нармальна фунцыянуе эканоміка.

Аб’ектыўна, у нас гэта таксама адбудзецца. Але нам пры гэтым трэба значна болей вырабляць прадукцыі. Людзі павінны болей зарабляць, павінны быць рэзка павялічаныя пэнсіі. Без павелічэньня ўнутранага валавага прадукту краіны — рэальнага, а не намаляванага ў адсотках — нельга вырашыць гэтае пытаньне. Яго трэба вырашаць толькі гарманічна і комплексна”.

Між тым урад, замарозіўшы да канца году тарыфы, удакладніў: індэксацыя на прагназаваны рост цэнаў будзе, як і раней, праводзіцца штомесяц. А замест рэфармаваньня эканомікі, ад чаго і залежыць дабрабыт людзей, Міністэрства эканомікі распрацоўвае чарговыя дадатковыя захады ў сацыяльнай абароне малазабясьпечаных сем’яў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG