Брытанскія прапановы складаюцца з шасьці пунктаў:
1. Прэзыдэнт Іраку Садам Хусэйн павінен у тэлевізійным выступе прызнаць, што ў Іраку ёсьць зброя масавага зьнішчэньня,
2. Прэзыдэнт павінен паабяцаць паказаць гэтую зброю, а затым зьнішчыць яе.
3. Багдад павінен дазволіць 30 ірацкім навукоўцам выехаць зь сем’ямі на Кіпр і правесьці канфідэнцыйныя размовы з інспэктарамі ААН.
4. Прэзыдэнт павінен прызнаць, што ў Іраку створаны бесьпілётны самалёт, здольны распыляць атрутныя рэчывы на вялікай тэрыторыі
.
5. Ірак павінен зьнішчыць 10 тысячаў літраў культуры са спорамі сыбірскай язвы, а таксама іншую хімічную і бактэрыялягічную зброю, якую, паводле цьверджаньня Вашынгтону й Лёндану, ён мае.
6. Хусэйн павінен даць тлумачэньні адносна наяўнасьці альбо зьнішчэньня беспілётных самалётаў.
Нагадаю, гэтыя прапановы былі пададзеныя ўчора, а сёньня Францыя адрынула іх. На думку кіраўніка францускага міністэрства замежных справаў дэ Вільпэна, праца інспэктараў у Іраку дае вынікі. Дэ Вільпэн заявіў, што ягоная краіна супраць ультыматумаў. Яна хацела б стварыць “падмурак для інспэкцыяў з выпрацаванай праграмай і дакладным графікам”.
Міністар замежных справаў вялікай Брытаніі Джэк Стро, у сваю чаргу, заявіў, што Лёндан працягвае працаваць над забесьпячэньнем падтрымкі ў Радзе Бясьпекі новых брытанскіх прапановаў.
Стро назваў “надзвычайным” тое, што Парыж безь якіх бы там ні было кансультацыяў адрынуў прапановы Лёндану.
Расейскі прадстаўнік пры ААН Сяргей Лаўроў, у сваю чаргу, сказаў: “Пазыцыя Расеі застаецца той самай: ніякіх ультыматумаў, ніякіх крайніх тэрмінаў, ніякага аўтаматызму ва ўжываньні сілы”.
Камэнтуючы брытанскія прапановы, нямецкі пасол у ААН Гюнтэр Плёйгер сказаў, што яны выклікаюць шэраг пытаньняў: “Калі вы прапануеце крытэры, то яны павінны быць рэалістычнымі, і для іхнага выкананьня трэба пэўны час”.
“Прапанова Вялікай Брытаніі нічога не мяняе, – сказаў сталы прадстаўнік Францыі пры ААН Жан-Марк дэ Ла Сабліер. – На стале па-ранейшаму знаходзіцца праект рэзалюцыі, які санкцыянуе ўжываньне сілы. На кон пастаўлена менавіта гэта”.
Тым часам паведамляецца, што Белы Дом рыхтуе, магчыма ўжо на гэтыя выхадныя, зварот прэзыдэнта Джорджа Буша, які можна лічыць падрыхтоўкай нацыі да вайны.
Злучаныя Штаты патрабуюць, каб галасаваньне ў Радзе Бясьпекі ААН адносна новай рэзалюцыі прайшло да канца гэтага тыдня.