Многія апытаныя студэнты салідарныя са сваімі заходнеэўрапейскімі аднагодкамі: з розных прычынаў яны выступаюць супраць платнага навучаньня.
(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да платнага навучаньня ў Беларусі?”
(Студэнт: ) “Канечне ж, адмоўна. Я хацеў бы, каб хапала месца для “бюджэтнікаў”. Але стан нашай эканомікі ня вельмі добры. Таму для ВНУ гэта дадатковыя грошы”.
(Студэнтка: ) “Ня вельмі добра, канечне. Таму, што вельмі высокі кошт, ня ўсе бацькі могуць даць такія грошы. Мае бацькі плацяць”.
(Карэспандэнтка: ) “Як гэта адбіваецца на сямейным бюджэце?”
(Студэнтка: ) “За гэтыя грошы я змагла бы нешта набыць для сябе, аднак даводзіцца плаціць”.
(Студэнт: ) “З аднаго боку добра, бо чалавек, які хоча другую адукацыю плаціць дзяржаве й сам атрымлівае, што хоча. Зь іншага боку, з-за гэтага не хапае бюджэтных месцаў”.
(Студэнтка: ) “Адмоўна. Таму што паводле Канстытуцыі нашае навучаньне павінна быць бясплатным”.
Аднак адмоўна да платнага навучаньня ставяцца ня ўсе. Некаторыя студэнты дапускаюць такую магчымасьць, але пры пэўных умовах.
(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да платнага вышэйшага навучаньня ў Беларусі?”
(Студэнтка: ) “Гэта вельмі добрая магчымасьць для тых студэнтаў, якія ня могуць паступіць на бясплатнае навучаньне. Але ж вышэйшую адукацыю трэба мець абавязкова”.
(Студэнт: ) “Да платнага навучаньня добра стаўлюся. Па-першае, у эўрапейскіх краінах вышэйшае навучаньне платнае. Каб выкладчыкі атрымлівалі добрыя заробкі, каб будаваць добрыя факультэты — вы ж бачыце, якія ў нас дабітыя будынкі ўсе”.
(Студэнтка: ) “Можа існаваць, але я мяркую, што не для ўсіх студэнтаў, а як зараз: для тых, хто зь нейкіх прычынаў не дабраў патрэбную колькасьць балаў. І большасьць месцаў ва ўнівэрсытэце, да, прыкладу, мусяць быць бясплатныя”.
(Студэнт: ) “Каб навучаньне было бясплатным, дзяржава павінна мець грошы, каб гэтае навучаньне было на належным узроўні. Таму побач зь бясплатным навучаньнем павінна быць і платнае — як гаворыцца, кожнаму сваё”.
Аднадушнымі мае сёньняшнія суразмоўцы былі ў пытаньні ўмоваў і якасьці навучаньня: усе яны лічаць, што вышэйная адукацыя ў Беларусі не адпавядае міжнароднаму ўзроўню. Аднак пратэставаць супраць гэтага гатовыя ня ўсе.
(Карэспандэнтка: ) “Узровень аплаты і ўзровень навучаньня й пражываньня студэнтаў — ці адпавядаюць яны адно аднаму?”
(Студэнтка: ) “Не. Я лічу, што не адпавядае. Я бачыла шмат і жыла ў многіх інтэрнатах і вымушаная не пагадзіцца са становішчам у інтэрнатах і аплатай за іх”.
(Студэнт: ) “Робяцца нейкія крокі, каб узровень навучаньня крыху падняць. Але тое, што мы плацім сёньня, не адпавядае ні ўзроўню адукацыі, ні пражываньня”.
(Студэнтка: ) “Я лічу, што не адпавядае. Менавіта на маім факультэце гэта дрэнная якасьць навучаньня, дрэннае абсталяваньне, дрэнныя аўдыторыі. Студэнты, якія плацяць за сваё навучаньне грошы, мусяць мець лепшыя ўмовы, я лічу”.
(Студэнтка: ) “Гэта залежыць ад інстытуту. У маім адпавядае, але не ва ўсіх”.
(Карэспандэнтка: ) “Вы асабіста гатовыя паўдзельнічаць у нейкай акцыі супраць платнага навучаньня?”
(Студэнтка: ) “Я ня думаю, што гэта дапаможа, але я гатовая, так”.
(Студэнт: ) “Не, я ня выйшаў бы. Бо я лічу, што калі чалавек хоча вучыца, то ён зробіць усё, каб вучыцца бясплатна. А іншыя, можа, недастаткова робяць для гэтага”.
(Студэнтка: ) “Так, я гатовая выйсьці на любую акцыю”.
Так пра ўмовы набыцьця вышэйшай адукацыі ў Беларусі выказваліся студэнты на вуліцах Менску.