Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ АДБЫВАЕЦЦА ДРУГI ТУР ВЫБАРАЎ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Напярэдаднi другога туру сябры абласной выбарчай камiсii не выказвалi заклапочанасьцi наконт таго, што для галасаваньня быў абраны рабочы дзень. Справа ў тым, што ўлады дазволiлi кiраўнiкам прадпрыемстваў у працоўны час адпускаць сваiх падначаленых на выбарчыя ўчасткi. Вось што, напрыклад, заявiў старшыня камicii Аляксандар Каляда:

(Каляда: ) “Не ўпершыню выкарыстоўваецца гэтая практыка. I ўжо даказана, што галасаваньне ў рабочы дзень iстотна не ўплывае на актыўнасьць выбарцаў. Тым больш, што на месцах створаныя ўсе ўмовы, каб выбарцы выканалi свой грамадзянскi абавязак. Пры неабходнасьцi будзе аказаная дапамога адмiнiстрацыямi прадпрыемстваў дзеля таго, каб выбарцы — у зручны для iх час — здолелi прыйсьцi прагаласаваць”.

Яшчэ адной асаблiвасьцю сёньняшняга галасаваньня на Берасьцейшчыне сталася тое, што былi адмененыя заняткi ў мясцовых школах, дзе разьмешчаныя выбарчыя ўчасткi. Акрамя таго, менавiта сёньня ў Берасьцi афiцыйна абвешчана пра пачатак эпiдэмii грыпу.

Што да самiх выбараў, дык найбольшая колькасьць дэпутацкiх вакансiяў застаецца пакуль ў Берасьцi. Сёньня тут абiралi двух дэпутатаў абласнога савету i дзевяцi — гарадзкога. Амаль па ўсiх гэтых акругах працягваюць барацьбу прадстаўнiкi апазыцыйных партыяў i незалежныя кандыдаты. У прыватнасьцi, гэта пяцёра сяброў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi “Народная грамада”, два сябры партыi камунiстаў, па адным — Аб’яднанай грамадзянскай i Лiбэральна-дэмакратычнай партыяў.

Апазыцыйныя кандыдаты таксама змагаюцца сёньня за права быць абраным у гарадзкiя саветы Пiнску, Баранавiчаў i Белаазёрску. Некаторыя з партыйных вылучэнцаў i незалежных кандыдатаў паводле вынiкаў першага туру мелi перавагу над кандыдатамi, якiх падтрымлiвае мясцовая вэртыкаль. Берасьцейскiя ўлады вымушаныя былi распачаць у дзяржаўных сродках масавай iнфармацыi новую агiтацыйную кампанiю, каб схiлiць выбарцаў да падтрымкi сваiх вылучэнцаў.

Прадстаўнiкi апазыцыi лiчаць падобныя захады сьвядомым парушэньнем выбарчага заканадаўства i ўжо зьвярнулiся са скаргамi ў пракуратуру i Цэнтарвыбаркам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG